XXIX ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ
Разважанні з Божым Словам
З Eвангелля св. Лукі
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: “У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: «Абарані мяне ад праціўніка майго». Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: «Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне»”. І сказаў Пан: “Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?”.
†
Лк 18, 1–8
Настойлівая малітва Усемагутны прагне нашай малітвы. Хоча, каб “бамбардзіравалі” Яго просьбамі. Аднак прагне гэтага не дзеля сябе – людскія малітвы нічога Яму не дадаюць – а дзеля нас саміх. Малітва з’яўляецца крыніцай ласкі, якая ўзбагачае і змяняе сэрца.
Пан Езус заахвочвае нас да нястомнай малітвы нават тады, калі здаецца, што акалічнасці супраць, а страх паралізуе волю. Заахвочвае, каб былі напорыстымі, як бедная ўдава, якая не давала спакою суддзі. Настойлівая малітва “развязвае” Богу рукі, робіць Яго прысутным у нашым жыцці.
Як Майсей заклікаў Стварыцеля пад пагрозай смерці, выцягваў рукі, поўны надзеі, молячы аб ацаленні ад жорсткіх амалекіцян, так і мы павінны даверыцца моцы малітвы. Кожная сітуацыя, даручаная Богу, будзе ім асвечана і зменена.
Дык паслухайма заахвочванне Хрыста “маліцца, не стамляючыся”.
● Ці здольны я за ўсё дзякаваць Пану?
● Ці магу дзяліцца атрыманай ад Бога міласэрнасцю з патрабуючымі?
|
|