XXVI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус сказаў фарысеям: “Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак па імені Лазар ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: «Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым». Але Абрагам сказаў: «Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці». Тады сказаў ён: «Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты». Абрагам адказаў: «У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх». А ён сказаў: «Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца». Тады Абрагам сказаў яму: «Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць»”.
Лк 16, 19–31

Фарміраванне адчувальнасці
   Матэрыяльныя каштоўнасці аддадзены на службу чалавеку. Аднак, на жаль, часта менавіта чалавек становіцца слугой і нявольнікам мамоны. Прага валодання адбірае здольнасць заўважаць патрэбы бліжніх і клапаціцца пра сапраўдныя каштоўнасці, якімі з’яўляюцца духоўныя дары.
    Кожны з нас носіць у сэрцы ўтоеную тугу па Айцу, які можа задаволіць усе жаданні. Зямныя багацці не насычаюць душу, але дапамагаюць справіцца з беднасцю. Калі ўсё, чым мы валодаем, успрымаем як Божыя дары, зможам гэтым дзяліцца з радасцю. У супрацьлеглым выпадку, жадаючы жыць бесклапотна і “шчасліва”, будзем імкнуцца да гэтага любой цаной, а духоўная рэчаіснасць і клопат аб збаўленні перастануць мець для нас значэнне. Зацыкленыя выключна на сабе, можам упасці ў эгаізм і не заўважыць побач “Лазараў”, якія пакутуюць, можа, не столькі ад фізічнага голаду, колькі ад голаду любові, якія пакрыты “струпамі” бесчалавечных адносін і абыякавасці.
    Варта час ад часу засяроджвацца на рахунку сумлення адносна найважнейшай запаведзі – любові да Бога і бліжняга. Гэта робіць нас адчувальнымі на Божае слова і захоўвае ад хцівасці. Трэба таксама клапаціцца пра духоўны слух, каб сэрца не стала цвёрдым, як панцыр, праз які нішто не здольна прабіцца. Памятайма, што задачай хрысціяніна з’яўляецца барацьба за веру і вечнае жыццё. Распачатая з запалам, яна прыносіць радасць, бо Пан Бог любіць здзіўляць і ў сваёй шчодрасці часта асыпае чалавека шматлікімі ласкамі, пераўзыходзячы нават самыя смелыя яго чаканні.
● Ці з’яўляецца Бог найважнейшым у іерархіі маіх каштоўнасцей?
● Як я ўспрымаю іншага чалавека, якога Пан ставіць побач са мной?