XХІV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: “Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку». Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: «Цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму». Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца”.
Лк 15, 1–10

Адкрыцца на Божую міласэрнасць
   Евангелле багатае на прыклады, якія паказваюць, што незалежна ад таго, як мы “насваволілі” ў жыцці, Бог заўсёды гатовы кінуць нам, як тапельцам на глыбіні, выратавальны круг. У словах Езуса, скіраваных да грэшнікаў, заўсёды прасочваецца думка аб прабачэнні, якое грунтуецца на любові.
    Нябесны Айцец радуецца навяртанню чалавека, як пастыр, што адшукаў адну згубленую авечку, як жанчына, што знайшла зніклую драхму, як міласэрны айцец, да якога пасля доўгай вандроўкі вярнуўся сын… Аблічча Пана не бывае закрытым, даступным толькі групе выбраных. Бог бязмежна міласэрны да кожнага!
    У жыцці мы неаднойчы атрымліваем раны, перажываем падзенні, становячыся ахвярамі зла і граху, якому паддаліся іншыя людзі. Здараецца таксама, што гэта мы з’яўляемся тымі, хто крыўдзіць. Нягледзячы на тое, на якім баку аказаліся – сталі той згубленай авечкай ці адной са статка, якая засталася вернай Пастыру, – адкрыйма нашы сэрцы на Божую міласэрнасць.
● Ці здольны я адказваць на Божую міласэрнасць?
● У якіх сітуацыях Божая міласэрнасць з’яўляецца маім выратавальным кругам?