XIV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: “Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
    Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: «Спакой гэтаму дому!». І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: «Наблізілася да вас Валадарства Божае». Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: «Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае». Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму”.
    Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: “Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!”. А Ён сказаў ім: “Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змей і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах”.
Лк 10, 1–12. 17–20

Станем вольнымі
   Евангелле з’яўляецца Добрай Навінай аб збаўленні. Каб яна магла трапіць да як мага большай колькасці людзей, Хрыстос пасылае сваіх вучняў усюды, куды намераны пайсці сам. А Ён прагне дабрацца нават да самых аддаленых куткоў зямлі, у якіх яшчэ не пазналі святло Божай ласкі.
    Настаўнік дае сваім супрацоўнікам напамін, які мусяць выканаць, каб іх евангелізацыйная місія была паспяховай: павінны адмовіцца ад усіх прывязанасцей да матэрыяльных рэчаў, да асоб і да саміх сябе. Трэба спачатку выкараніць сваё сэрца са свету, каб пазней магчы эфектыўна паглыбіць яго ў Божыя справы.
    Свабода ад перабольшанага клопату пра надзённыя справы робіць магчымым поўны давер да Бога, даручэнне Яму ўсяго, дзейнічанне з Яго моцай. Узнагародай за паслухмянасць з’яўляецца знак Хрыстовага крыжа, знак прыналежнасці Яму – той знак, які становіцца адчыненымі дзвярыма да вечнай прысутнасці міласэрнага Стварыцеля.
● Ці выконваю я ўмовы, якія ставіць Боскі Настаўнік?
● Ці здольны быць вольным ад рэчаў і асоб?