V ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: “Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”.
Ян 13, 31–33a. 34–35

Любоў як распазнавальны знак
   Падчас Апошняй Вячэры Езус прагне падрыхтаваць сваіх вучняў да пасхальных падзей. Звяртаючыся да апосталаў “дзеці”, паказвае на блізкія адносіны з чалавекам. Разам з тым, пакідае новую запаведзь: каб любілі адзін аднаго так, як Ён іх палюбіў. А мы добра ведаем, што любоў Божага Сына бязмежная, нязменная і верная да канца. Гэта любоў, якая ахвяруе сябе за бліжняга, не застаецца абыякавай, не закрываецца на патрэбы іншых, а адмаўляецца ад многіх прыбыткаў на карысць братоў і сясцёр. Такая любоў з’яўляецца распазнавальным знакам для пераемнікаў Хрыста.
    Праз павагу і разуменне мы павінны ўзрастаць у святасці, заўсёды беручы прыклад з Настаўніка, які памёр за чалавека на крыжы. Жыццё ва ўзаемнай любові з’яўляецца неаддзельнай умовай для ўзрастання і развіцця Касцёла.
   
● Якім чынам я штодзённа рэалізую запаведзь любові, якую даў Езус?
● Што магу ахвяраваць, прысвяціць, страціць, каб дасягнуць вечнага жыцця?