V НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: “Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?”. Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: “Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?”. Яна адказала: “Ніхто, Пане”. Езус сказаў ёй: “I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы”.
Ян 8, 1–11

Выканаць заданне
   Жанчына, абвінавачаная ў чужаложстве, атрымлівае ад Хрыста канкрэтнае заданне для выканання: не грашы, ідзі і выкарыстай шанс жыць далей так, каб пазбягаць граху. Гэтае заданне скіравана і нам!
    Не асуджайма, хоць віна бліжняга здаецца яснай. Памятайма, што жаль і навяртанне – гэта не толькі пачуцці, але найперш мастацтва вучыцца на ўласных памылках. Усведамляйма, што не з’яўляемся адзінокімі – з намі Збаўца, які таксама чакае, што мы выканаем сваё заданне на шляху да Вечнага Валадарства.
    Збаўленне не звязана толькі са сціраннем грахоў – гэта было б занадта проста. Як вольныя асобы мы маем прывілей і адначасова вялікі абавязак браць адказнасць за ўласнае жыццё і збаўленне. Гэта важнае і складанае заданне. Але калі за яго не возьмемся, у нашым жыцці нічога не зменіцца.
   
● Ці імкнецца маё сэрца прабачыць тым, хто зграшыў супраць мяне?
● Якім чынам стараюся стаць падобным да Хрыста?