ХXVII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: “Што наказаў вам Майсей?”. Яны сказалі: “Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца”. А Езус сказаў ім у адказ: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”.
    У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту”.
Мк 10, 2–12

Святасць сужэнства
   Вучэнне Езуса аб непарыўнасці шлюбу асабліва цяжка прыняць людзям ХХІ стагоддзя, паколькі сённяшні свет забыўся пра вялікае значэнне сям’і. Многія людзі крытыкуюць Касцёл, абвінавачваючы яго ў тым, што не ідзе ў нагу з часам і не разумее сучасных праблем. Таму зараз можна заўважыць, як сістэматычна і паслядоўна падрываюцца і высмейваюцца такія вартасці, як сапраўднае каханне, вернасць, адданасць, чыстасць, святасць сужэнства...
    Маладыя людзі, якія засноўваюць сям’ю, забываюцца, што любоў і шчасце будуюцца, а не бяруцца ў крэдыт.
    Не прыкладваюць ніякіх намаганняў, а толькі чакаюць, што гэта само прыйдзе ім у рукі. А калі так не адбываецца, адразу хочуць выйсці з заключанага саюзу, апраўдваючыся, што проста ўсё не атрымалася, не было выканальным.
    Але ж пабудаваць добрае і шчаслівае сужэнства магчыма! Аб гэтым сведчыць прыклад мноства цудоўных сем’яў, якія жывуць ва ўсім свеце. Як сцвярджае бразільская прымаўка, “у добрым сужэнстве сустракаюцца неба і зямля”.
    Мы ўсе павінны старанна маліцца аб моцных і шчаслівых сем’ях. Іх вернасць і любоў з’яўляюцца надзвычай моцным сведчаннем для блукаючага свету.
   
● Што раблю, каб не дапусціць крызісу свайго сужэнства?
   ● Як дапамагаю сужэнствам, што перажываюць крызіс?