НЯДЗЕЛЯ СПАСЛАННЯ СВЯТОГА ДУХА

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У апошні вялікі дзень свята Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: “Хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой”. Гэта сказаў Ён пра Духа, якога павінны былі прыняць тыя, хто паверыў у Яго: бо яшчэ не было Святога Духа, таму што Езус яшчэ не ўславіўся.
Ян 7, 37–39

Выспець да хрысціянства
   Невыпадкова ўваскрослы Хрыстос даў Апосталам Святога Духа менавіта ў Вячэрніку. Для вучняў Езуса гэта было вельмі сімвалічнае месца: там Месія абмыў ім ногі, накарміў сваім Найсвяцейшым Целам, удзяліў святарскае пасвячэнне. Там Ён прадказаў спасланне Духа Суцяшыцеля. Такім чынам, усё самае прыгожае і каштоўнае для хрысціяніна ўзяло пачатак менавіта ў Вячэрніку.
    Заахвочаныя прыкладам вучняў Езуса, якія аднадушна трывалі на малітве, просім Святога Духа, каб ахінуў нас сваёй асаблівай апекай, каб мы ў цяпле Яго любові выспявалі да хрысціянства і былі здольнымі прысвяціць сябе Хрысту. Просім таксама аб Божым Духу для тых, хто яшчэ не атрымаў Яго ці не можа зразумець Яго значэнне.
   
● Ці малюся я да Святога Духа?
   ● Ці здольны ахвяраваць сябе дзеля іншых?