ІV НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў Нікадэму: “Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу”.
Ян 3, 14–21

На любоў адказаць любоўю
   Нікадэм пасля размовы з Езусам спазнаў ласку навяртання і пачаў паступова змяняць сваё жыццё. А адбылося так, таму што ён палюбіў Усемагутнага, на любоў адказаў любоўю.
    Збаўленне чалавека залежыць ад яго рашэння – прыняцця ці адштурхоўвання Божай любові, аб’яўленай у Хрысце. Мы можам адкрыцца на яе або адвярнуцца, можам далей трываць у цемры ці накіравацца за Святлом. Але калі хочам быць збаўлены, павінны паверыць у Езуса, стаць на Яго бок. Аднак кожны чалавек мае вольную волю, і Бог яе шануе.
   
● Ці на Божую любоў я адказваю любоўю?
   ● Ці вызнаю перад іншымі людзьмі, што Езус для мяне з’яўляецца кімсьці сапраўды важным?