І НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Мк 1, 12–15

Не паддадзімся намовам д’ябла!
   Мы часта прыкладваем намаганні, каб змагацца з якім-небудзь недахопам, слабасцю, залежнасцю. Гэта добрая і патрэбная ініцыятыва, бо кожнаму чалавеку неабходна ачышчэнне, навяртанне і аднова. Чарговы Вялікі пост з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб паспрабаваць зрабіць штосьці большае, калі засяроджваемся не толькі на выдаленні зла, але таксама на развіцці духоўнай прасторы.
    Многія могуць са скрухай сказаць, што вельмі часта ім не ўдавалася стрымаць свае пастановы. Аднак трэба разумець, што вынік нашых намаганняў – справа не толькі людская. На пачатку гэтай 40-дзённай вандроўкі давайце паабяцаем сабе, што кожны дзень будзем скіроўвацца “на пустыню”, каб услухацца ў Божы голас, падобна як Езус, які знаходзіўся ў пустыні, каб трываць у прысутнасці Айца. Не паддадзімся д’яблу і яго намовам! І тады Усемагутны аб’явіць нам, што і як павінны рабіць, навучыць адрозніваць сапраўднае дабро ад ілюзій.

 

● Ці зрабіў я ўжо велікапосную пастанову?
   ● Ці стараюся слухаць голас Пана Бога?