ІV НЯДЗЕЛЯ ЗВЫЧАЙНАЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы”. Але Езус забараніў яму, кажучы: “Змоўкні і выйдзі з яго”. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: “Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго”. І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
Мк 1, 21–28

Адкрыцца на ласку Бога
    Сённяшняе Евангелле расказвае пра тое, як Хрыстос аздаравіў апанаванага чалавека, што значыць выгнаў з яго злога духа. Гэтая красамоўная сцэна мае глыбокае эмацыянальнае адценне, таму што сучасныя людзі вельмі падвержаны разнастайным цывілізацыйным раненням і хваробам.
    Безумоўна, у жыцці ўсё больш клопатаў і смуткаў. Усё часцей мы падпарадкоўваемся “нячыстым духам”, што пазбаўляюць радасці. Перад абліччам сучасных праблем – хаця б такіх як спажывецкі лад жыцця, пастаянная спешка, крызіс сям’і, страта хрысціянскіх каштоўнасцей – да нас прыходзіць Хрыстос і гаворыць: “Выйдзі з яго”. Аднак гэтыя гаючыя словы патрабуюць далейшага супрацоўніцтва з Лекарам душ. Таму не дастаткова проста час ад часу паспавядацца ці прыгадаць сабе ў цяжкую хвіліну, што можна ж памаліцца. Гаворка ідзе пра штодзённую вернасць, зберажэнне ласкі ацалення, якою Пан адорвае кожнага чалавека.

 

● Што для мяне з’яўляецца прыярытэтам у жыцці?
   ● Ці адкрыты я на ласку Пана Бога?