XXXIII Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: “Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому – два, іншаму – адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцей, і ад’ехаў. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слуг гэтых і патрабуе ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: «Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне; вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх». Гаспадар ягоны сказаў яму: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго»”.
Мц 25, 14–15. 19–21

Клапатлівыя таленты
    Часта ў чалавеку выклікаюць захапленне разнастайныя таленты, што былі яму дадзены дарма. Пры гэтым неабходна разумець: усе нашы схільнасці і здольнасці – гэта дар ад Бога, які павінен аздобіць свет. Таму таленты неабходна шанаваць і памнажаць, але не рабіць з іх бажкоў.
    Жыццё з’яўляецца пастаяннай працай, адказным і мудрым кіраваннем атрыманымі дарамі. Жыць – значыць служыць Усемагутнаму і любіць Яго ўсім сэрцам. Развіваючы свае таленты, мы выражаем Стварыцелю ўдзячнасць. Калі ж не робім гэтага, а “закопваем дары ў зямлю”, іх у нас могуць забраць і аддаць камусьці іншаму, таму што ўтойванне талента – гэта непавага да любячага Айца, ад якога яго атрымалі.
    У Бога няма беспрацоўных. Кожны атрымаў ад Яго ўласнае пакліканне і заданне для выканання. Калі станем на Судзе, Пан не будзе пытацца, дзе і колькі мы жылі. Ён запытаецца пра тое, як мы жылі. Таму варта сумленна карыстацца атрыманымі дарамі, з любоўю да Стварыцеля і бліжняга.