XXVІIІ Звычайная Нядзеля
Разважанні з Божым Словам
З Eвангелля св. Мацвея
Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: “Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слуг сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слуг, кажучы: «Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!». Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слуг ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён кажа сваім слугам: «Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле». I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі”.
†
Мц 22, 1–10
Дзе нашае месца?
Фрагмент Евангелля распавядае пра вяселле, на якое запрошаныя госці не прыйшлі, тлумачачы гэта разнастайнымі справамі, што палічылі больш важнымі, чым раздзяліць радасць з гаспадаром.
Бог Айцец кліча ўсіх на гасціну, дзе можна быць побач з Хрыстом. Гэта адбываецца ўжо сёння, падчас зямнога жыцця. І менавіта нам належыць рашэнне, ці захочам выкарыстаць яго. А адказ выражаецца праз штодзённае жыццё, учынкі. Аднак вельмі часта многія людзі настолькі пагружаюцца ў будзённыя справы, што забываюць пра гэтае запрашэнне, а таксама пра тое, што ўдзел у нябеснай гасціне – гэта нагода, каб быць шчаслівым, знайсці сапраўдную радасць у жыцці. Падобна як у Евангеллі, часта здараецца так, што чалавек лічыць за лепшае выканаць у нядзелю пэўную хатнюю працу, чым пайсці на св. Імшу, або паглядзець фільм, чым памаліцца. Можа здавацца, у гэтым няма нічога страшнага, аднак на самой справе асоба ігнаруе запрашэнне Айца.
Сённяшняе Божае слова запрашае кожнага прыкладваць у сваім жыцці ўсе намаганні, каб прыйсці на гасціну Хрыста ў Яго Валадарстве, бо менавіта там нашае месца.