I Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: “Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі – пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая – пакінутая. Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце”.

Мц 24, 37–44


Чарговы напамін
   Час Адвэнту – асаблівы перыяд. Ён заўсёды перажываецца па-іншаму. Гэтую выключнасць пацвярджае і літургія. Фрагмент Евангелля пра паўторны прыход Збаўцы для кожнага павінен быць, у пэўным сэнсе, устраскай, нагодай для прабуджэння. Бо не аднойчы здараецца, што нашы будзённыя абавязкі і справы настолькі паглынаюць, што асоба Хрыста, праўда пра нястомнае чуванне і чаканне Яго паўторнага прыходу становяцца чымсьці звычайным, паўсядзённым. Можа здарыцца, што чалавек, калі доўга чагосьці чакае, пачынае забывацца пра гэта. Падобным чынам адбываецца ў жыцці хрысціяніна з ісцінай аб паўторным прыходзе Езуса. Мы ядзім, п’ём, ствараем сем’і і, на жаль, забываемся пра сапраўдны сэнс жыцця. Час Адвэнту з’яўляецца своеасаблівым напамінам аб тым. Таму паўторны прыход Пана не павінен быць нечаканасцю ці сюрпрызам, а наадварот – жаданай сустрэчай.