Нядзеля Хрыста Валадара

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: “Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам”. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: “Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога”. І быў над Ім надпіс: “Гэта Кароль юдэйскі”.
    Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: “Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас”. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: “Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў”. І сказаў: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. Езус адказаў яму: “Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі”.

Лк 23, 35–43


Нябесная Айчына
   Перажыванне ўрачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету, з’яўляецца нагодай, каб у чарговы раз спытацца аб нашым месцы ў доме Айца. Усім вядома, што грамадзянства ў якой-небудзь краіне ці каралеўстве абавязвае да захавання ўстаноўленых норм і правіл, калі яны, канешне, не супярэчаць годнасці чалавечай асобы. Аднак з Валадарствам Хрыста трохі інакш. Зямное жыццё з’яўляецца, у пэўным сэнсе, перыядам, каб здабыць права жыхарства ў нябеснай Айчыне. Праз сакрамант хросту мы былі запрошаны туды, але магчымасць прабывання яшчэ трэба заслужыць. Падобным чынам адбываецца з кімсьці, хто хоча перасяліцца ў іншую краіну: спярша чалавек павінен паказаць сябе асобай, якая шануе нормы, законы, культуру і звычаі гэтага краю. Так і наша хрысціянскае жыццё з’яўляецца такім часам чакання для атрымання права быць грамадзянамі вечнай Айчыны, у якую былі запрошаны Хрыстом Валадаром. Што з гэтым зробім? Гэта ўжо залежыць ад нас.