XXVII Звычайная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Апосталы сказалі Пану: “Дадай нам веры”. Пан сказаў: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», – і яна б паслухалася вас.
    Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць»”.

Лк 17, 5–10


Вера ў міласэрнасць
   Наша вера прыняла форму міласэрнасці дзякуючы Езусу Хрысту, паколькі гэта і Яго вера. Яна дазваляе прыняць постаць слугі і дапамагае служыць пакорна і аддана. Сёння вера неабходна не для таго, каб перасоўваць горы і перасаджваць дрэвы, але для таго, каб з галавой кінуцца ў акіян любові і міласэрнасці Бога і там пусціць карані. Каб вырываць дрэвы граху з нашых душ, перасоўваць горы рэчаў і тлумы людзей, якія засланяюць аблічча Найвышэйшага Дабра.
    Вера – гэта парука той Міласэрнасці, якой мы чакаем. Бог заўсёды ўдзяляе нам сябе, калі мы ствараем у душы ўмовы неба. Апостал Павел прыгадвае, што вера – гэта дэпазіт Дабра, дзякуючы якому мы жывём на зямлі, а пасля – і ў вечнасці. І заахвочвае абараняць гэты Дар, быць слугой-ахоўнікам у веры і любові, а не ў залежнасці, якая заснавана на страху, прымусе, рабалепстве. Адносіны з Богам не маюць характару кантракту. Яны бескарыслівыя. Таму павінна знікнуць ганарыстасць, дух канкурэнцыі і боязі, паколькі сам Езус падперазаўся і кажа нам сядаць за стол, а Ён – “будзе прыслужваць”.
    Пане Езу, дадай нам веры ў міласэрнасць Твайго Айца!