IV Нядзеля Вялікага Посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: “У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: «Ойча, дай належную мне частку маёмасці». I той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: «Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх». I ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. I, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго”.

Лк 15, 1–3. 11–32


Час вяртання
   Нам вядомы працяг прыпавесці: малодшы сын зноў атрымаў сваё месца ў сям’і. Да незадавальнення свайго старэйшага брата, які абразіўся на шчодрасць бацькі. Але, праўду кажучы, блудны сын ніколі не губляў сваёй годнасці: яна чакала яго ў бацькоўскім сэрцы і ў цярплівым выгляданні – калі ён нарэшце зразумее, што страціў, калі вернецца! Можа, патрэбна была юнацкая палкасць і глупства, каб змагчы адчуць балючыя вынікі і апамятацца?
    Мінаюць стагоддзі, а прыпавесць застаецца актуальнай... Вось бы мы не хацелі рызыкаваць сваёй годнасцю, а калі раптам заблукаем, то каб бацька не чакаў вельмі доўга...