Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. I калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. I вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.

Мц 28, 16–20


Слова, якое змяняе наш свет
   Услухоўваючыся ў словы Збаўцы, зноў захапляешся іх моцай і плённасцю. Некалькі радкоў, пара сказаў, прамоўленых амаль два тысячагоддзі таму, былі на працягу стагоддзяў і надалей застаюцца не толькі актуальнымі, але і эфектыўнымі! Абяцанне Езуса застацца са сваімі вучнямі аж да сканчэння свету датычылася, безумоўна, не толькі Апосталаў. Яго прысутнасць Касцёл адчувае па сённяшні дзень у сваёй радасці абвяшчаць Евангелле, дзяліцца плёнам уваскрасення. Хрыстос прысутны ў перамогах і поспехах сваіх сённяшніх вучняў. Ён ёсць таксама і ў іх складаным вопыце. А нават у паражэннях, каб яны не адчувалі сябе пераможанымі грахом і злом.
    Касцёл не заўсёды ў гісторыі знаходзіў кемлівых вучняў для свайго навучання. Больш таго, часта здараліся перыяды бунту, супраціўлення Хрысту і Яго збаўчай справе. Але заўсёды хапала сэрцаў, адкрытых на Божае слова, Добрую Вестку. Хрысціяне будавалі свет, стваралі культуру, удзельнічалі ў яе развіцці, памнажалі дасягненні навукі.
    У чым заключаецца таямніца тых працэсаў пранікання свету Евангеллем? “Мне дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі”, – сказаў Езус Апосталам. Касцёл прыгадвае нам гэтую праўду кожную нядзелю пры адпраўленні напаміну ўваскрасення. Каб мы ніколі не згубілі надзеі, што канчатковая перамога гарантавана словам Збаўцы.