VI Велікодная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў сваім вучням: “Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
    Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
    Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
    Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго”.

Ян 15, 9–17


Выйграць самае важнае
   Чым чалавек найбольш сябе раніць і псуе свой свет? Адказ дае сённяшняе Евангелле. Калі шчасце наша і нашых блізкіх, поспех усяго жыцця і шчаслівай вечнасці заключаюцца ў гэтай цудоўнай, непаўторнай сувязі з Богам, якая абапіраецца на любові, то найбольшыя страты чалавек нясе тады, калі забывае пра гэта, а ў выніку пачынае шукаць сваё шчасце па-за гэтай праўдай. На сваю бяду, ён часцей за ўсё пачынае ствараць заменнікі, “падробкі” сапраўднай любові. Гэтым ён скажае яе, перакручвае і ўрэшце рэшт змагаецца з яе карыкатурай. Гэта балючы досвед, бо кожны прагне любові, сапраўдных адносін з Богам і іншым чалавекам.
    А ўсё падаецца такім простым: ёсць Бог Айцец, які нас любіць. Гаворыць нам, як нас любіць, і сведчыць аб гэтай любові таксама і Яго Сын – Езус Хрыстус. Гэтыя патрабаванні не з’яўляюцца перабольшваннем: мы толькі павінны даверыцца Яму праз паслушэнства.