Успамін усіх памерлых вернікаў

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў сваім вучням: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”. Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?”. Езус сказаў яму: “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”.

Ян 14, 1–6


Сувязь, што будуецца верай
   Калі Пан Езус гаворыць аб складаных справах вечнасці, Яго мова становіцца незвычайна простай: “Калі пшанічнае зерне не памрэ...”, “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі...”. І такіх простых тлумачэнняў у навучаннях Пана Езуса можна знайсці вельмі многа. За імі ўтоены справы, якія пераўзыходзяць магчымасці чалавечага розуму. Неабходна святло веры, каб расчытаць гэтую прастату правільна. Мала расчытаць! Мы закліканы, каб за спробай іх зразумення прыйшлі рашэнні, згодныя з пачутай навукай.
    На час урачыстасці Усіх Святых і Задушак Касцёл прыгадвае нам словы Пана Езуса, што заклікаюць да адважнасці: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Вольны чалавек не ведае трывогі. Яму чужы страх перад небяспекай, перад будучыняй, рызыкай. Вучань Хрыста, які спрабуе зразумець свайго Настаўніка і спрабуе ісці па Яго слядах, не абмяжоўваецца страхам, нават калі ён павінен сустрэцца з таямніцай вечнасці. Бо Ён – дарога, праўда і жыццё.
    Дзівосныя словы Збаўцы актуальныя як для жывых, так і для памерлых, якія ўжо адышлі. Давайце памятаць пра гэтую навуку, наведваючы могілкі і магілы нашых блізкіх. Гэтыя словы ўпісваюць у памяць аб памерлых ісціну – надзею будучай сустрэчы ў валадарстве вечнага жыцця.