XXIX Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?”. Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: “Што Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету”. Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: “Чыя гэта выява і надпіс?”. Кажуць Яму: “Цэзара”. Тады Ён сказаў ім: “Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу”.

Мц 22, 15–21


Справы Божыя і людскія
   Фарысеі былі ўпэўнены, што нарэшце Езус трапіць у пастку: усякі адказ (які яны прадбачылі) павінен быў завяршыцца абвінавачваннем – альбо ў супрацоўніцтве з акупантам (калі скажа плаціць), альбо ў бунце супраць улады (калі будзе заклікаць не аддаваць падатак Рыму). Сваім адказам Езус прымусіў сваіх праціўнікаў замаўчаць. Яны адышлі з сорамам, бо для іх саміх прапанаванае рашэнне было адначасова і неспадзяваным, і відавочным. Такім чынам, Езус у сваім навучанні прыгадаў аб нябачнай, але рэальнай мяжы паміж справамі Божымі і людскімі. Мудры чалавек павінен убачыць яе і ўшанаваць. Гэты падзел і наступствы, што вынікаюць з яго, абавязваюць свецкую ўладу шанаваць духоўную аўтаномію. Дрэнна, калі духоўныя ўлады хочуць атрымаць магчымасць прымаць рашэнні адносна свецкіх спраў, бо так вельмі лёгка можна дайсці да злоўжыванняў і паддацца спакусе кіравання духоўнымі справамі праз дэкрэты. Але таксама недапушчальна, калі свецкая ўлада пераблытвае трон з алтаром. Касцёл гатовы быў заплаціць самую вялікую цану, каб ніякі цар не рассеўся на месцы, якое прызначана самому Богу ці выбраным Ім пастырам. Свабода Касцёла падмацавана пячаткамі крыві мучанікаў.