XXVIII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: “Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў сваіх слуг паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слуг, кажучы: «Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле». Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слуг ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: «Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле». Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: «Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?» Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: «Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў». Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”.

Мц 22, 1–14


Адораныя звыш меры
   Зневажэнне незаслужанай ласкі і няўдзячнасць на ўдзеленую шчодрасць заўсёды будуць успрымацца як адсутнасць культуры. У прыпавесці аб адносінах паміж Богам і чалавекам ацэнка падобных паводзін яшчэ больш строгая. Хто пагардзіў каралеўскім запрашэннем і дазволіў сабе абразіць яго, зняважыўшы яго слуг, быў пакараны смерцю.
    А калі ўжо хтосьці аказаўся за сталом разам з гасцямі, ён не можа ігнараваць ні іх, ні тым больш таго, хто яго запрасіў. Шчодрасць Бога павінна сустрэцца са свядомай удзячнасцю.