XVI Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: “Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: «Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?» А Ён сказаў ім: «Вораг зрабіў гэта». Тады слугі сказалі яму: «Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?» Але ён сказаў: «Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё»”. Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: “Валадарства Нябеснае падобнае на гарчычнае зерне, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго”.

Мц 13, 24–30


Цяжар спадчыны
   У многіх іншых прыпавесцях Пан Езус прадстаўляў людзям таямніцы свайго Валадарства. Тлумачыў іх сам-насам сваім вучням. Нібы баяўся, што Яго не зразумеюць. Адкуль гэтыя сумненні? Валадарства Хрыста багацейшае за наш досвед, яно пераўзвышае нашы здольнасці пазнання. Аднак Хрыстос стварае сваё Валадарства для нас! Мы – яго жыхары. Ён паверыў нам, што мы будзем годнымі яго нашчадкамі. Быць нашчадкам – што ж гэта значыць? Перш за ўсё, гэта ўсведамленне гонару: Бог зрабіў мяне сваім прыёмным дзіцём. Гэта выхоўванне гэтага дару і нястомнае дасягненне пастаўленай Богам мэты: каб як мага больш людзей пазнала Яго і прыпала да Яго ўсім сэрцам. Хтосьці скажа: гэта так няшмат. Але адначасова гэта заданне на ўсё жыццё.