Найсвяцейшай тройцы

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

Ян 3, 16–18


Узнагароджанае шуканне
   Здзіўляе і ўражвае той факт, што гэтую фундаментальную ісціну першым пачуў фарысей Нікадзім. Ніхто з вучняў, ніводзін з Апосталаў, а менавіта фарысей Нікадзім. А гэтая ісціна настолькі важная, проста фундаментальная, што Касцёл успамінае яе ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ўсім вернікам: “Бо так палюбіў Бог свет...”. У дыялог з Нікадзімам услухоўваюцца сёння ўсе, хто для выражэння сваёй веры кожны дзень робіць знак крыжа: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Чаму Пан Езус выбраў фарысея, каб аб’явіць нам праўду аб Божай любові? Задавальняючага адказу мы, напэўна, не знойдзем. Мы можам толькі здагадвацца, што Ён хацеў такім чынам узнагародзіць Нікадзімава шуканне праўды. Нічога, што ён быў фарысеем. Пану Езусу не перашкаджала, што ён прыйшоў ноччу, з-за страху перад сваім асяроддзем, якое праяўляла да Езуса з Назарэта агрэсіўную варожасць. Нікадзім хацеў размаўляць з Ім, непасрэдна, хацеў ад Яго даведацца праўду.
    Любоў Бога да чалавека не прадугледжвае ніякіх межаў. Бог, Адзіны ў Тройцы, аб’явіўся нам праз цудоўны акт стварэння, незвычайную гісторыю выбранага народа і, нарэшце, праз Божага Сына, які стаў чалавекам, памёр і ўваскрос. Для нас і для таго, каб мы маглі пазнаць Бога. А над гэтым пазнаннем нястомна чувае Святы Дух, каб мы ці то днём, ці то ў цемры нашых сумненняў пачулі тое ж, што і Нікадзім: “Бо так палюбіў Бог свет...”.