II Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю”.
    І засведчыў Ян, кажучы: “Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: «Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым». І я бачыў і засведчыў, што Ён – Сын Божы”.

Ян 1, 29–34


Фундамент веры і свабоды
   Самым простым вызнаннем нашай веры з’яўляецца знак святога крыжа, накрэслены на ілбе, грудзях і плячах хрысціяніна: “У Імя Айца і Сына, і Духа Святога”. Таксама веруючага чалавека можна пазнаць па кароткім вызнанні: “Езус Хрыстус – Божы Сын”. Гэта св. Ян Хрысціцель даў пра Яго такое сведчанне. Пазней св. Пётр на пытанне Езуса “Кім вы Мяне лічыце?” адкажа: “Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Кожны раз абавязкова прысутнічае ўмяшанне з вышыні. Св. Ян убачыў Духа, які зыходзіў з неба і застаўся на Езусе ў постаці голуба. Пра св. Пятра сам Езус скажа: “Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, які ў нябёсах” (Мц 16, 17). Для таго, каб Касцёл мог берагчы і перадаваць гэтую праўду, неабходным было Спасланне Святога Духа.
    “Баранак Божы” прыгадвае нам пра пасхальнае ягня яўрэяў, якія пакідалі Егіпет – зямлю няволі. Езус Хрыстус – Божы Сын – ахвяруе ўсім людзям бясцэнны скарб – месіянская годнасць Езуса звязана са свабодай ад зла. Кожны, для каго Імя Езуса з’яўляецца скарбам, хто лічыць адважнае вызнаванне гэтага перад светам сваім абавязкам, з’яўляецца ўдзельнікам плёну збаўлення.