IV Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
    Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў”.
    А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог»”.
    Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Мц 1, 18–24


У еднасці з Богам і бліжнімі
   Чалавек не з’яўляецца самотным востравам, – сказаў сучасны мудрэц. Ён не можа быць адзін, калі Бог кліча яго да вялікіх рэчаў. Уся Біблія з’яўляецца доказам гэтага: герой Старога Запавету – цэлы выбраны народ, які ахоўваў Божыя абяцанні збаўлення. Гэтая праўда ззяе новым бляскам, калі абяцанні канчаткова рэалізуюцца праз прыход Божага Сына. Каля Марыі з’яўляецца Яе Заступнік – св. Юзаф. Таксама і Альжбета з Захарыем становяцца ўдзельнікамі Божых планаў, а затым іх сын – св. Ян Хрысціцель. Многія іншыя асобы таксама ствараюць кола тых, хто супрацоўнічае з Богам і паміж сабой. Бо ўсе пакліканыя на сустрэчу з Таямніцай, падобна як св. Юзаф, пачуюць: “не бойся!”. Апосталы са св. Пятром, місіянеры, якія евангелізуюць новыя кантыненты, члены новых вялікіх манаскіх сем’яў, а таксама хрысціянскія бацькі будуць адкрываць, што дабрыня і ўсемагутнасць Бога атрымлівае постаць іншага чалавека. Каб мы не дазволілі агарнуць сябе страху і не адчувалі сябе адзінокімі.