XXXIII Нядзеля Звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены”. I спыталіся ў Яго: “Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?”. Ён сказаў: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем маім, кажучы: «Гэта я», і «Наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу”.
    Тады сказаў ім: “Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць праследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. I будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. I ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя”.

Лк 21, 5-19


Шлях да перамогі
   Вось тры найважнейшыя сказы ў Евангеллі, якія распавядаюць пра рэчы, што абуджаюць трывогу: “Глядзіце, каб вас не звялі”, “...не палохайцеся” і, нарэшце, “Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя”. Усё астатняе з’яўляецца важнай інфармацыяй, але яно не змяняе асноўнага паслання – абяцання: мы ўжо “на старце” на баку пераможцаў. Толькі б у нашым свеце трываць пры пазнанай ісціне, не дазволіць страху сябе захапіць. І даць сведчанне Хрысту ў супярэчнасцях.