XXIV Нядзеля Звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: “Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку». Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: «Цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму». Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца”. І сказаў яшчэ: “У аднаго чалавека было два сыны”. [...]

Лк 15, 1-32


Шанс мытнікаў і грэшнікаў
   Так пачынаецца адна з “найбольш евангелічных” прыпавесцей, без якіх не толькі навучанне Пана Езуса было б няпоўнае, але ўся сусветная літаратура нібы згубіла б адну са сваіх вялікіх каштоўнасцей. Апавяданне пра блуднага сына і міласэрнага айца з’яўляецца спадчынай не толькі хрысціян, але ўсіх, хто шчырым сэрцам шукае Бога. Бо тут ёсць цэнная падказка: ты шукаеш Бога, які шануе чалавечую вольнасць. Нават у выпадку грэшнай бесклапотнасці сваіх дзяцей Бог застаецца Айцом, які з тугой чакае вяртання сына, заўсёды прабачае, гатовы апраўдаць яго сваёй “падманутай” міласэрнасцю, цешыцца кожнаму вяртанню. Ведаючы пра гэта, адкрыццё Айца, які ўвесь час чакае, становіцца адшуканнем асабістай (часта згубленай) годнасці.