IV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус пачаў гаварыць у сінагозе: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”. I ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: “Ці не сын Юзафа гэта?” I Ён сказаў ім: “Напэўна, скажаце мне такую прыказку: лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”. I сказаў: “Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі зачыненым было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. I да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да жанчыны, удавы, у Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана Сірыйца”. Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Лк 4, 21-30


Праўда без кампрамісаў
   Поўная драматызму сустрэча ў сінагозе: яўрэі адрэагавалі на словы Езуса захапленнем, а адразу ж пасля гэтага гатовы былі забіць Яго. Езус дасканала ўсведамляў тое неразуменне, з якім Яму давядзецца сутыкнуцца. Але нягледзячы на гэта, Ён не шукаў лёгкіх, прыгожых слоў для таго, каб супакоіць эмоцыі. Праўда, якую Ён абвяшчаў, не магла быць перададзена таемна. Ён выказваў праўду ясна, можа, нават занадта зразумела, бо яна закранала слухачоў за жывое. Так Ён распачаў сваё вучэнне і падобным чынам скончыў яго. Нават фарысеі пераканаліся, што Ён гатовы заплаціць найвышэйшую цану за свае словы. Езус і сёння працягвае навучаць у свеце праз сваіх непакорных вучняў, гатовых на ўсе наступствы, звязаныя з адважным абвяшчэннем праўды. Хай бы іх было як мага больш!

кс. Яраслаў Грынашкевіч