I нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус сказаў сваім вучням: “Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі - спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. I тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.
    Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым”.

Лк 21, 25-28. 34-36


Ён прыходзіць і ўжо ёсць
   Колькі разоў Бог уваходзіў у маё жыццё? Колькі разоў я мог перажываць радасць сустрэчы з Ім, з Яго дабрынёй, бацькоўскай шчодрасцю? Сам факт, што я існую і магу задаваць падобныя пытанні, з’яўляецца вельмі выразным доказам, што ў сваёй задуме Ён бачыў мяне як таго, з кім зможа размаўляць, што я буду дзякаваць Яму, а часам нават і паспрачаюся... Так, можна стварыць сабе ўяўленне “адсутнага”, “не сённяшняга”, а нават залішне жорсткага Бога, але цяжка Яму адмовіць у рашучасці, калі справа датычыцца быцця з намі: каб быць побач, Бог у сваім Сыне стаў чалавекам і раздзяляў з намі наш лёс, нёс нашыя слабасці ажно на Галгофу. Ён запэўніў сваіх самых блізкіх вучняў, што будзе з імі ва ўсе дні, ажно да сканчэння свету. Таму паўторны прыход Сына Чалавечага будзе нічым іншым, як вынікам жадання быць з людзьмі на працягу ўсёй вечнасці. Тады мы ўбачым Яго ў хвале, у боскай велічы. А пакуль што давайце вучыцца бачыць Яго ў Касцёле, у нашых радасцях і журботах, не забываючыся, што з-за нас Ён быў гатовы памерці на крыжы.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч