ХXIV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: “Кім людзі лічаць Мяне?” Яны адказвалі Яму: “Янам Хрысціцелем, другія – Іллёю, іншыя – адным з прарокаў”. А Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?” Пётр сказаў Яму ў адказ: “Ты – Хрыстос”. I загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
   I пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. I казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае”. I, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго”.

Мк 8, 27-35 , 1-15


Цана Евангелля – жыццё
   У апісанні падзей каля Цэзарэі Філіпавай адчуваецца ўнутранае напружанне. Ужо бачны элементы драмы, якая ў будучым павінна была ўзрушыць не толькі Апосталаў. Прадказаныя мука, смерць і ўваскрасенне ўзрушылі асновы ўсяго стварэння. Езус падрыхтоўвае сваіх блізкіх не толькі да віду паміраючага на крыжы Месіі, але і да праследаванняў, якія прыпадуць на лёс і Апосталаў, і ўсіх Яго паслядоўнікаў. Навучанне Евангеллю будзе мець акрэсленую цану. Уяўленні Пятра пра Месію сустрэліся з такім рашучым адказам, што ўжо не было ніякіх сумненняў: каб ісці за Езусам, трэба будзе заплаціць жыццём.
   Але праследаванню і пакутніцтву будзе папярэднічаць адно асноўнае пытанне: хто такі Езус? Гэтае пытанне чуе кожны з нас. Кожны павінен даць сабе і свету належны адказ.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч