Божае Нараджэнне

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
У тыя часы выйшла распараджэнне імператара Аўгуста, каб быў праведзены перапіс насельніцтва па ўсёй дзяржаве. Першы перапіс адбыўся тады, калі Квірыній уладарыў у Сірыі. Таму ішлі ўсе туды, дзе хто нарадзіўся, каб запісацца. Таму і Юзаф пайшоў з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Бэтлеем, горад Давіда, бо паходзіў з дому і роду Давіда, каб трапіць на перапіс разам з Марыяй, заручанай яму жонкай, якая была цяжарная. Калі яны туды прыбылі, надышоў для Марыі час нарадзіць. Яна нарадзіла свайго першага Сына, спавіла Яго і палажыла ў яслі, таму што не было для іх месца ў заездзе. У гэтай самай ваколіцы пастухі ноччу пасвілі свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл, і хвала Пана адусюль іх асвяціла, так што яны спалохаліся. Але анёл прамовіў да іх: «Не бойцеся! Абвяшчаю вам вялікую радасць, якая датычыць усяго народу: сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, які з’яўляецца Месіяй. А вось знак для вас: знойдзеце Немаўлятка, спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам далучылася да анёла мноства нябесных хораў, якія выхвалялі Бога наступнымі словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Лк 2, 1-14


Божы супакой і радасць
   Ва ўсёй сусветнай літаратуры няма такога фрагмента твора, які б пакінуў глыбейшы след у жыцці чалавека. Таму што гэты тэкст датычыць Бога, які той бэтлеемскай ноччу стаў адным з нас. Гэтая падзея не была выпадковасцю. Яна была рэалізацыяй адвечных планаў, абвешчаных прарокамі, чаканым абяцаннем, якое старанна ахоўваў выбраны народ. Бог, як заўсёды, здзівіў усіх – вялікіх і мудрых, а таксама маленькіх і простых. Якая катэгорыя людзей найбольш выкарыстала (і карыстаецца надалей!) прыход Збаўцы? Тыя, хто пачуў голас анёлаў, якія заклікалі да таго, каб адштурхнуць ад сябе ўсе боязі і страх і напоўніць сэрца радасцю ад Божай прысутнасці.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч