Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

Ян 3, 16-18


Словы, якія нясуць збавенне
   Мы памятаем: Нікадэм прыйшоў да Езуса ноччу, таму што быў фарысеем і баяўся свайго асяроддзя, а таму сустрэчай з Настаўнікам з Назарэта не хацеў рызыкаваць сваёй рэпутацыяй. Фарысеі, вядома, сустракалі Езуса, але не для пошуку праўды. Іх мэтай была палеміка, барацьба з Ім; яны імкнуліся “злавіць на слове” Езуса, каб змагчы абвінаваціць Яго перад людам або рымскімі ўладамі. Нікадэм рызыкнуў, і гэтая адвага шчодра аплацілася не толькі яму. Ён сам, а дзякуючы яму таксама многія людзі, пачулі і чуюць надалей Хрыстовыя словы, якія маюць вартасць збавення. Ці Нікадэм здолеў выкарыстаць адкрытую яму Езусам праўду і стаў Яго вучнем? Евангелле маўчыць аб гэтым. Нібы хоча ўшанаваць патаемны характар начной сустрэчы і сакрэт чалавечага сэрца. Мы ведаем, што абвешчаная праўда на працягу гісторыі Касцёла, які ўчытваецца ў апісанне той сустрэчы, дала блаславёны плён.
    Што ж у сувязі з гэтым неабходна, каб пачарпнуць з крыніцы збавення? Неабходна імкненне пазнаць праўду. І крыху адвагі, каб змагчы адкрыць яе ў асабістай сустрэчы з Езусам. Для ўласнай карысці і сведчання іншым. Рэшты дапоўніць у чалавеку таямнічае дзеянне Святой Тройцы – Бога Айца і Сына і Святога Духа: Бога, які ўсё паклікаў да існавання, Сына, які прыйшоў на свет для нашага збавення, і Святога Духа, які дзейсна асвячае нас сваім святлом і моцай.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч