I Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Пасля Езус быў заведзены ў пустыню Духам для спакушэння д’яблам. І, пасля таго, як посціў сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным. І, прыступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: “Калі Ты – Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні зрабіліся хлебам”.
    Той, адказваючы, прамовіў: “Напісана: “Не адзіным толькі хлебам будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых”. Потым пераносіць Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на вільчаку святыні, і кажа Яму: “Калі Ты – Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: “Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб не выцяў моцна аб камень нагі Сваёй”. Гаворыць яму Ісус: “Ізноў жа напісана: “Ты не будзеш выпрабоўваць Госпада, Бога твайго”. Ізноў пераносіць Яго д’ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе валадарствы свету і іх славу, і кажа Яму: “Усё гэта аддам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне”. Тады кажа яму Ісус: “Ідзі прэч, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш”. Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.

Мц 4, 1 -11


Наша свабода ад зла
    Езус, якога д’ябал спакушаў у пустыні, дае нам у рукі зброю, перад якой шатан бездапаможны. Спачатку спакушальнік прапануе Езусу дастатак, які “хаваецца” за хлебам. Атрымлівае належны адпор, бо “не адзіным толькі хлебам жыве чалавек” (Мц 4, 4). Таму ён спрабуе перавярнуць сутнасць рэчаў і двудушна карыстаецца Божымі словамі. У адказ чуе: “Не будзеш выпрабоўваць Госпада, Бога твайго” (Мц 4, 7). Таму шатан атакуе апошні раз: можна ўсё мець узамен за дробны жэст – пакланіцца яму. Рэакцыя Езуса заканчвае ўсялякую дыскусію: “Ідзі прэч, шатане!” (Мц 4 10). Ушаноўванне Бога трымае на адлегласці д’ябла і з’яўляецца падмуркам нашай годнасці і свабоды. З урока рэлігіі я запомніў: хто кленчыць перад Богам, ніколі не ўкленчыць перад іншым чалавекам. Дай, Божа, каб я заўжды памятаў аб гэтым!

Кс. Яраслаў Грынашкевіч