ІІI Нядзеля Звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Калі ж Ісус пачуў, што Ян стаў ахвярай здрадніцтва, то адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталі, каб збылося, што прадказана прарокам Ісаем, які кажа: “Зямля Забулона і зямля Нэфталі, на шляху прыморскім за Ярданам, Галілея паганская; народ, які сядзеў у цемры, святло ўбачыў вялікае, і для тых, што сядзяць у краіне засені смерці, святло ўзышло”. Адсюль пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: “Навяртайцеся, бо прыблізілася Валадарства Нябеснае”. А калі ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў – Сімона, які завецца Пётрам, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі. І гаворыць ім: “Ідзіце за Мной! Зраблю вас лаўцамі людзей”. Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі следам за Ім.

Мц 4 , 12-23


Зрабіце месца Богу!
Месяц таму мы разам з Касцёлам разважалі пра таямніцу Бога, які знізіўся да зямлі і стаў чалавекам. Цераз таямніцу Уцелаўлення, убоства бэтлеемскай стайні, прастату пастухоў знікалі межы паміж Богам і стварэннем - становіцца адным з нас. Усё для таго, каб рэалізаваць план збавення, – вяртанне першароднай прыязнасці людзей з Богам. Увесь план грунтаваўся на даверы да чалавека. Бог вырашыў: нараджэнне ў чалавечым целе, жыхарства паміж людзьмі прынясе чаканыя плады, будзе благаславеннем і эфектыўным лякарствам ад зла, якое запанавала на зямлі. Хрыстус пайшоў яшчэ далей у гэтым даверы. Да рэалізацыі збавенных планаў Ён запрасіў іншых людзей – простых рыбакоў, якія лавілі рыбы ў Галілеўскім возеры. Яны будуць патрэбны, больш таго – будуць Яму абавязкова неабходны. Нягледзячы на іх непадрыхтаванасць, слабасць, не зважаючы на іхнюю здраду, як гэта было ў выпадку адрачэння Пятра. Бог так моцна даверыўся чалавеку. Наколькі ж чалавек гатовы адказаць падобным даверам? Ці нашыя планы не супярэчаць Божым намерам? Ці мы зможам знайсці Яму месца ў нашым жыцці?

Кс. Яраслаў Грынашкевіч