III нядзeля Адвэнта

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Пачаў Ісус гаварыць да людзей пра Яна: “Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысцё, што хістаецца ад ветру? Дык што вы выйшлі пабачыць? Можа чалавека, у мяккія шаты апранутага? Вось тыя, што ў мяккія шаты апранаюцца, жывуць у дамах царскіх. Дык каго вы выйшлі пабачыць? Прарока? Нават, кажу вам, і больш за прарока. Бо ён ёсць той, пра каго было напісана: “Вось жа Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”. Сапраўды кажу вам: не паўстаў сярод народжаных жанчынамі большы за Яна Хрысціцеля; але той, хто меншы ў Валадарстве Нябесным, большы за яго”

Мц 11, 2-11


Гэтыя словы былі сказаны тады, калі Ян стаў зняволены Ірадам. У выказванні Езуса ёсць шмат эмоцыі. Чуваць рашучыя ноткі дакору слухачоў. Людзі ўяўлялі інакш развіццё кар’еры чалавека, які мог збіраць вакол сябе натоўпы. У людскіх прадбачаннях у дачыненні да Яна, безумоўна, не было месца для турмы, а тым больш для неспадзяванага прысуду смерці і адсячэння галавы мячом. Езус не астаўляе слухачам сумнення ў адносінах да велічы асобы Яна. Ні адна з постацяў, апісаных у кнігах Старога і Новага Запаветаў, не заслужыла на вылучэнне, якое Езус зарэзерваваў для свайго папярэдніка. Прынцыпова былі дзве прычыны такога асаблівага патрактавання. Ян быў апошнім з шэрага старазапаветных прарокаў: гэта ён указаў на Езуса як на Божага Баранка, які знішчыць грахі свету. Другая прычына датычыць праўды Божых запаведзяў, за якую Ян аддаў жыццё. Мы прызвычаіліся да таго, што ўсё ў жыцці мае сваю цану. І часам гатовы да вялікіх самаахвярнасцяў, каб здабываць пажаданыя даброты. Неабавязкова тыя, патрэбныя для жыцця. Больш таго, для ўласнай выгады або для “святога спакою” са светам і іншым чалавекам, мы здольны апраўдваць парушэнне Божых правоў. У гэтых адносінах Ян быў бескампрамісным: асмеліўся прыпомніць каралю пра запаведзь “Не пралюбадзейнічай”. І гатовы быў заплаціць за гэта найвышэйшую цану.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч