XVІ Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Лукі
Прыйшоў Езус у адну вёску. I жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: “Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне”.
    Пан жа сказаў ёй у адказ: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе”.

Лк 10, 38-42

Eвангелле на канікулы
Евангелле было б намнога бяднейшае зместам, калі б не было ў ім апісання гэтай сустрэчы Езуса з Мартай і Марыяй у Бэтаніі! Так, такая сустрэча адбылася ў доме ўваскрэслага з памерлых Лазара – сябра Езуса. Як добра ведаць, што ў Божага Сына, апрача найбліжэйшых членаў сям’і, былі яшчэ і блізкія Яму асобы. Візіт у Бэтанію быў заўжды для Яго і вучняў адпачынкам і радасцю. Адносіны паміж Езусам і сям’ёй Лазара застаюцца наглядным урокам чалавечнасці Божага Сына. Езус радаваўся людской прыязнасці! І адорваў людзей тым жа людскім і прыгожым пачуццём, доказам чаго з’яўляецца сённяшняя сцэна, апісаная Лукой-евангелістам. Неабходны былі цесныя сяброўскія адносіны паміж людзьмі, каб дазволіць сабе на такую заўвагу ў стылі Марты: “Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць?” (Лк 10, 40). Ці ж Марта не мела рацыі? Без сумненняў у яе былі прычыны, каб разлічваць на дапамогу сваёй сястры. Марта, астаўленая сам-насам з працамі ў доме, мела ўсе падставы адчуваць сябе крыху раззлаванай. Але ці яна павінна была ўключаць у гэта дастойнага Госця? Хіба так. Хоць бы таму, што мы не пачулі б гэтага цудоўнага адказу Езуса, які сваімі словамі хацеў Марце і ўсім нам даць урок таго, як трэба трымаць правільную дыстанцыю да тленных клопатаў. А яшчэ больш павучыць, што нічога няма важнейшага, чым Бог. Неабходна выкарыстаць кожную нагоду, каб сустрэцца з Ім! “Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе” (Лк 10, 42) – г. зн. варта затрымацца, адкласці ўбок усе справы, калі Ён хоча быць з намі, звяртаецца да нас, жадае радавацца нашай прысутнасцю. Мы не ведаем, пра што гаварыў Езус. У гэты момант гэта не было так важна. Істотна тое, што Марыя сядзела ля Яго ног і ўважліва слухала Езуса. Бо кожная хвіліна, якая прысвечана Богу, заключае абяцанне працягласці, несмяротнасці. Кожная нядзельная св. Імша, кожная малітва, хвіліна цішыні, напоўненая думкамі пра Бога, прынясе плён у вечнасці.
    Гэты фрагмент Евангелля можна назваць “канікулярным”. На працягу года нас паглынае праца, вучоба. У штодзённым жыцці тленнасць дыктуе свае правы,прыспешаны рытм. Канікулы існуюць для адпачынку. Затрымайцеся і задумайцеся над сэнсам нашых клопатаў. А каб дасягнуць гэтай мэты, не трэба надзвычайных дарагіх праектаў арганізацыі адпачынку. “Найлепшая частка” знаходзіцца на адлегласці як рукой падаць.
    Марыя вучыць нас заўважаць прысутнасць Езуса. Пажадайце ж быць з Ім і слухаць, што Ён хоча нам сказаць.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч