І Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
З Eвангелля св. Лукі

Езус сказаў сваім вучням: “Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі - спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. I тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.
    Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым”.

Лк 21, 25-28, 34-36


Вялікія справы патрабуюць цішыні чування

Так кантрастуе сённяшняе Евангелле з пачаткам Адвэнту! Адвэнтавае чаканне акружана атмасферай таямніцы. Гэта цішыня Назарэту з візітам анёла Габрыэля да Марыі. Адвэнт звязаны з постаццю Яна Хрысціцеля і з цішай пустыні, дзе ён падрыхтоўваўся да выканання місіі прадказання прыходу Збавіцеля ў свет. Адвэнт нагадвае нам таксама нязвыклае маўчанне Захарыя, бацькі св. Яна Хрысціцеля, які застаўся нямым пасля сустрэчы з анёлам у святыні аж да той пары, пакуль хлопчыку не далі імя. Адвэнт – гэта маўчанне той “расы”, якая павінна сысці з неба на зямлю, каб яе зрабіць пладароднай. Мы пачынаем час чакання, які напоўнены разважаннямі над тымі таямніцамі, якія павінны споўніцца. А ў Евангеллі ідзе гаворка пра вялікія знакі на сонцы, месяцы і зорках. На зямлі таксама прадбачаны нязвыклыя ўзрушэнні: «Спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання» (Лк 21, 25). Вынікі гэтых знакаў будуць вельмі драматычныя, аж да страху, які адбірае людзям свядомасць. Чаму Касцёл у пачатку Адвэнту нагадвае пра гэтыя апакаліпсісныя словы Езуса? Прычына можа быць толькі адна: калі мы чакаем святаў Божага Нараджэння, якія набліжаюцца, то мы адначасова чакаем паўторнага прыходу Езуса на зямлю. На гэты раз ужо не ў цішыні бэтлеемскай стаенкі, але ў хвале, якая нікому ўжо не пакіне ніякіх сумненняў да каго належыць свет і ўсе тыя, для якіх Божы Сын стаў чалавекам, памёр на крыжы і ўваскрос. Так як будуць святы з яслямі, ялінкай, падарункамі, так і пэўна тое, што прыйдзе Збавіцель, які канчаткова верне зямлі і ўсялякаму стварэнню першапачатковы бляск, які паходзіць ад Творцы. Адсюль для ўсіх вернікаў і тых, якія чакаюць гэтых падзей – надзея і заахвочванне:“Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае” (Лк 21,28). Вялікія Божыя справы нараджаюцца як бы незаўважальна, “даспяваюць”у цішыні і ва ўкрыцці. Можа гэта дзіўны Божы метад, але напэўна, вельмі эфектыўны. Каб не прапусціць таго, што павінна наступіць, мы павінны прыстасавацца да ўказанняў Езуса: “Дык чувайце, молячыся ўвесь час” (Лк 21, 36).

Кс. Яраслаў Грынашкевіч