ІI Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
У пят­нац­цаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
    I ён абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў прарока Ісаі: “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму!
    Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор - далінаю”.
    I ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне.

Лк 3 , 1-6

Адзін з герояў Адвэнту
    А вось Ян Хрысціцель – адна з постацяў, якіх нельга не ўпамянуць у адвэнтавым чаканні прыходу Збавіцеля. Святы Лука-евангеліст прысвячае яму шмат ўвагі. Ён апісвае дэтальна акалічнасці яго прыходу ў свет. Дзякуючы евангелісту, мы ведаем пра яго бацьку Захарыя, якому анёл Габрыэль прадказаў зачацце дзіцяці. Мы знаем пра сумненні Захарыя і іхні вынік – тое, што ён застаўся нямы на працягу 9 месяцаў. Дзякуючы Луку мы даведаліся пра тое, як Божая Маці наведала Альжбету ў доме Захарыя.

    Пачатак дзейнасці св. Яна апісаны евангелістам з аналагічнымі хранікёрскімі падрабязнасцямі, з якімі ён прадставіў нам прыход на свет Збавіцеля. “На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп – тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія – тэтрархам Абіліны, пры першасвятарах Анну і Кайфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні”(Лк3, 1-2) – столькі падрабязнасцяў уласнай гісторыі – мець такое не было б сорамна ні аднаму з вялікіх людзей старажытанага свету. Згаданыя наступныя асобы: імператар Рыму, намеснік Юдэі, уладары Ітурэі, Траханіцкай краіны, першасвятары Анна і Кайфа перайшлі парадаксальна ў гісторыю таксама дзякуючы св. Яну! Безумоўна, імператар Тыберый меў бы і так сваю старонку ў кнігах гісторыі, як і Пілат, і абодва першасвятары, якія былі замешаны ў судовым працэсе Езуса. Але сёння хто ўспомніў бы Філіпа ці Лісанія? Такім чынам, кім жа быў Ян Хрысціцель, што сам успамін пра яго выклікае з глыбіні гісторыі такое мноства падрабязнасцяў і “ажыўляе” шматлікія постаці? Езус сказаў пра яго, што ні адна жанчына не нарадзіла больш значнага чалавека, чым Ян Хрысціцель. На чым грунтуецца яго веліч? З адказам на гэтае пытанне няма праблемаў: Ян прадказваў хуткі прыход Збавіцеля ў свет. А калі ён сустрэў Яго, то не меў сумненняў і сказаў пра яго: “Вось Божы Баранак, які даруе грахі свету”.
    Застаецца яшчэ спытаць: “Як Ян выконваў сваю місію?” Хрысціцель быў “голасам лямантуючага ў пустыні” (Лк 3, 4). У яго не было ніякай газеты, радыё, а для рэалізацыі сваёй ідэі ён не карыстаўся ніякім тэлеканалам. Але яго голас чулі людзі і вырашалі прымаць Хрост навяртання: падрыхтоўваць сцежкі Божаму збаўленню. Ці сёння мы зможам пачуць гэты голас…?

Кс. Яраслаў Грынашкевіч