XXXII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка

Езус ска­заў народу, навучаючы: “Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і прывітанні на рынках, і першыя лаўкі ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і напаказ доўга моліцца, атрымаюць найцяжэйшы прысуд”.
    I, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія баг атыя кідалі памногу. I прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула болыш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой” .

Mk 12 , 38-44

Ці давер можа быць дарам?

    Шматлікія постаці з’яўляюцца на старонках Евангелля, у якіх – самыя розныя характары, заняткі, не раз такія людзі, якія займаюць “крайнюю” пазіцыю ў адносінах да Езуса. Мы ведаем вельмі добра апосталаў, якія былі найбліжэй да свайго Настаўніка. Нам вядома шмат падрабязнасцяў з іхняга жыцця, мы можам ахарактарызаваць вучняў Хрыста. Некаторыя асобы вядомы нам па імені, так як напрыклад, сляпы Бартымей, сын Тэмэя з Ерыха, і іншыя, каго Езус сустрэў, вылечыў. Мы ведаем Яго праціўнікаў, якія вялі з Ім палеміку, што закончылася асуджэннем на смерць. Гэта яшчэ не ўсе героі з Евангелля. За Езусам хадзілі натоўпы, каб паслухаць Яго навукаў, выпрасіць ласку вылячэння. Сярод усіх тых людзей, пра якіх апісваецца ў Евангеллі, ёсць таксама безыменная ўдава ля скарбонкі святыні. Са сваёй бядой і безабароннасцю ў жыцці яна была цяжарам для сям’і, для грамадства. Аднак Божы Сын “вылавіў” яе з безаблічнага натоўпу. Яна стала важнай постаццю. Евангелле было б няпоўным, калі б не ішла размова ў ім пра яе і пра гэтую сустрэчу, якой цяжка назваць сустрэчай, бо не перакрыжаваліся нават іхнія позіркі. Аднак гэта была істотная падзея для яе самой, для Езуса і яна - важна таксама і для нас. Дзе ляжыць прычына гэтай выключнасці? Праўдападобна, у ясным усведамленні сабе, што Бог мае свае спадзяванні ў адносінах да чалавека. Нашыя адносіны з Богам можна апісаць як пастаяннае “таргаванне” за розныя ласкі, большыя ці меншыя. Мы просім Бога аб веры, аб Яго благаславенні, аб дары здароўя, аб паспяховым заканчэнні якой-небудзь справы. Мы ўмеем з Творцам спрачацца, у нас ёсць прэтэнзіі, бо мы чакалі дапамогі, а Ён не зразумеў нас зусім… Мы забываем, што Ён мае ў адносінах да нас свае спадзяванні. Што кожны з нас можа ахвяраваць Богу? Складанасць адказу заключаецца ў тым, што ўжо ў Творцы ёсць усё! Таму што Ён можа чакаць ад чалавека, якому няспынна так многа чаго не хапае? Адказвае на гэта сваім жэстам убогая ўдава. Бог чакае ад нас поўнага даверу, аддацца пад Яго апеку так, як Ён зрабіў гэта. На крыжы Езус паміраў, аголены з усяго і толькі з надзеяй, што гэты Яго давер абудзіць у чалавечым сэрцы адпаведны адказ.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч