XXX Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 10, 46b–52
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Езус спыніўся і сказаў: “Паклічце яго”. І паклікалі сляпога, кажучы яму: “Смялей, уставай, Ён кліча цябе”. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?”. Сляпы сказаў Яму: “Настаўнік, каб я зноў бачыў”. Езус сказаў яму: “Ідзі, вера твая вылечыла цябе”. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Езусам па дарозе.

Рабіць дабро, пазбягаць зла
   У свеце ёсць шмат няшчасных людзей, пазбаўленых такога вялікага дару, як зрок. Яны не могуць убачыць твараў любімых людзей, прыгажосці навакольнай прыроды, усходу або захаду сонца. Сляпыя таксама падвяргаюцца шматлікім небяспекам: не бачаць, як едуць машыны, калі яны пераходзяць вуліцу, як набліжаюцца варожа настроеныя людзі, як выяўляюцца на скуры сімптомы хваробы, не бачаць міміку людзей, якія з імі размаўляюць.
    Таму мы можам уявіць радасць Бартымэя ў той момант, калі да яго вярнуўся зрок. Езус адкрыў яму ўвесь цудоўны свет і людзей, якія былі побач.
    Акрамя фізічнай слепаты, існуе таксама слепата маральная. Вочы свайго сэрца і душы мы называем сумленнем. Кожны чалавек нараджаецца, адораны Богам гэтым бясцэнным дарам, які мусіць развіваць і выхоўваць у святле запаведзей і правіл Евангелля. Добра сфарміраванае сумленне дазваляе нам адрозніваць дабро ад зла. Заклікае рабіць дабро і пазбягаць зла.
    Як і для Бартымэя, жыццё не шкадуе для нас няшчасцяў і прыніжэнняў. Столькі разоў мы адчуваем сябе беднымі і маральна сляпымі, прыніжанымі брудам і ўбоствам сваіх грахоў. Мы павінны тады ўсклікаць: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся над намі!”. Просьма Езуса вярнуць зрок нашай душы, каб не быць рабамі матэрыяльных даброт, камфорту, грошай, каб у нас было добра сфарміраванае сумленне.
   Пане Езу Хрысце, вылечы мяне ад духоўнага ўбоства, вярні зрок сумленню і ўчыні, каб я стаў духоўна відушчым!