Чалавек вялікіх жаданняў

Сябры Бога

18 верасня успамін пра св. Станіслава Костку, заступніка дзяцей і моладзі
Блізкасць Бога садзейнічае таму, што да людской істоты вяртаецца ўнутраны парадак, яна сканцэнтравана і ўраўнаважана, бо ў такім жа стане духа можа зразумець, да чаго Бог яе заклікае. Такім быў св. Станіслаў Костка.
Станіслаў нарадзіўся ў 1550 годзе ў Расткове на Мазоўшы. Ён быў сынам Яна, закрочымскага каштэляна. У Станіслава было тры браты і дзве сястры. Гісторыя не данесла нам падрабязнасцяў з яго дзіцячых гадоў. У 14 гадоў ён разам са сваім братам Паўлам быў пасланы вучыцца ў езуіцкую школу ў Вену, якая была вельмі праслаўленая. Спачатку Станіславу навука ішла досыць цяжка, бо ён не меў дастатковай падрыхтоўкі дома. А пад канец трэцяга года навучання ён належаў да самых лепшых вучняў школы. Станіслаў гаварыў свабодна па-лацінску, па-нямецку, разумеў грэчаскую мову. Вольны час ён праводзіў, чытаючы кнігі і молячыся.×
У снежні 1565 г. хлопец цяжка захварэў. Паводле яго словаў, калі ён быў недалёка ад смерці, а не мог атрымаць святой Камуніі, бо ўладальнік дома не хацеў упусціць каталіцкага святара, тады сама св. Барбара, да якой ён звярнуўся, у суправаджэнні двух анёлаў наведала яго пакой і прынесла яму Віятык. Падчас гэтай жа самай хваробы з’явілася яму Найсвяцейшая Марыя Панна з Дзіцяткам, якое падала яму на рукі. Ад яе Станіслаў атрымаў цуд вылячэння і пачуў рэкамендацыю: уступіць у Езусовае таварыства. Аднак езуіты не мелі звычаю прымаць кандыдатаў без дазвола бацькоў, а на гэта Станіслаў не мог разлічваць. Таму ён рашыўся на гераічны чын: арганізаваў уцёкі, да якіх старанна падрыхтаваўся. Ён адправіўся не проста ў Рым, дзе быў бы лёгка схоплены па дарозе, але - ў Аўгсбург, дзе знаходзіўся св. Пётр Канізій, настаяцель нямецкай правінцыі. Станіслаў не застаў яго там і вырашыў пешшу ісці ў Дылінгію. Дарога з Вены да Дылінгіі складала 650 кіламетраў. У Дылінгіі ў езуітаў быў свой калегіум. Там Станіслаў быў прыняты на выпрабаванне. Крыху пазней св. Пётр Канізій накіраваў яго ў Рым. Дарога была цяжкая і доўгая. Станіслаў з таварышамі пераадольваў яе пераважна пешшу. У Рыме хлопец быў прыняты ў навіцыят і аказаўся вельмі шчаслівы, што нарэшце споўніліся яго мары. Станіслаў склаў манаскія шлюбы, калі яму было ўсяго толькі 18 гадоў. У гэтым жа веку пасля хваробы ён перайшоў у вечнасць.
    Яго культ нарадзіўся раптоўна і спантанна. Беатыфікацыйныя ўрачыстасці адбыліся ў 1606 г. спачатку ў Рыме ў доме св. Андрэя, а потым – у Польшчы. Гэта быў першы благаславёны Езусовага таварыства. Св. Станіславу Костцы прыпісваецца перамога Польшчы над туркамі пад Хацімам у 1621 г. У гэты дзень а. Аборскі, езуіт, бачыў св. Станіслава на воблаках, як ён прасіў Божую Маці дапамагчы. Кароль Ян Казімір прыпісваў заступніцтву святога перамогу пад Берасцечкам (1651 г.).