Каралевіч – Заступнік дыяцэзіі

Сябры Бога

4 сакавіка - свята святога Казіміра, каралевіча
25 лістапада 1993 г. папа Ян Павел II сваёй булай надаў Гродзенскай дыяцэзіі Заступнікаў. Галоўнай Заступніцай стала Вастрабрамская Божая Маці, другараднымі – св. Казімір, каралевіч і св. Максімільян Марыя Кольбэ, святар і мучанік. Святы Казімір з 1636 г. з’яўляецца галоўным Заступнікам Літвы, а з 1948 г. – асаблівым Апекуном літоўскай моладзі (гэта абвясціў папа Пій XII). Святы Казімір – адзін з гістарычных Заступнікаў Польшчы, а з 1960 г. – таксама адзін з Апекуноў Мальтыйскіх кавалераў. Ён з’яўляецца Заступнікам асоб, якія прысвяцілі сябе грамадскай службе. У Літве яго лічаць таксама Апекуном рамеснікаў. Святы Казімір – Заступнік Віленскай і Беластоцкай архідыяцэзій, Радамскай дыяцэзіі (з 1992 г.), Драгічынскай і Пінскай дыяцэзій і г. Радам ( з 1983 г.).
Святы Казімір - другі сын караля Казіміра IV Ягелончыка - нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Кракаве ў Вавельскім замку. “Ён быў высакародным юнаком, з рэдкімі здольнасцямі і вартага памяці розуму”, - так пісаў яго настаўнік кс. Ян Длугаш. У 1471 г. малады каралевіч выязджае ў Венгрыю, дзе яму абяцалі карону. Паход заканчваецца фіяска. Няўдалае падарожжа, падчас якога дайшло да грабяжоў, бунтаў неаплачанага рыцарства і насілля, стала вялікім перажываннем для трынаццацігадовага ўражлівага хлопца.
З 1475 г. каралевіч браў удз­ел у пасяджэннях каралеўскай рады. У 1476 г. разам з бацькам ён адправіўся ў Прусію. З 1478 г. кароль Казімір з каралевічамі Казімірам і Янам Ольбрахтам знаходзіліся ў Вялікім Княстве. Літоўцы дамагаліся асобнага князя для іх дзяржавы, указваючы на каралевіча Казіміра. Кароль рашуча адмовіў, а пасля раскрыцця загавору на жыццё яго і сыноў (1481) адаслаў каралевічаў у Польшчу.
    На працягу амаль двух год каралевіч Казімір быў намеснікам бацькі ў каралеўстве. Ён меў тытул “secundogentis regis Poloniae”. Жыў у Радаме. Яго кароткае кіраўніцтва дзяржавай высока ацэньвалася сучаснікамі. Ён палепшыў бяспеку на дарогах, утаймаваў разбоі. Актыўным удзелам у ажыццяўленні правасуддзя Казімір садзейнічаў больш хуткаму вырашэнню пратэрмінаваных судовых спраў у каралеўскім судзе. У адрозненні ад бацькі, ён падтрымліваў добрыя кантакты з прускімі станамі (быў прыхільнікам большай самастойнасці гэтай правінцыі). На жаль, недамаганні ўсё больш пачалі непакоіць каралевіча. Аказалася, што ён хворы на сухоты. Позняй вясной 1483 г. Казімір быў адазваны ў Вільню. Нягледзячы на хваробу, якая прагрэсіравала, ён браў удзел у кіраванні дзяржавай. З таго часу паходзяць дакументы, якія каралевіч падпісваў, замяшчаючы падканцлера. Пад канец 1483 г. разам з бацькам Казімір выбраўся ў падарожжа ў Люблін на з’езд шляхты каралеўства. Аднак з-за стану здароўя застаўся ў Гродне. У лютым 1484 г. кароль пасля вестак пра цяжкі стан сына спыніў нарады і вярнуўся ў Гродна. У прысутнасці бацькі Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. і быў пахаваны ў віленскай катэдры.
    У 1518 г., пасля паражэння рускіх пад Полацкам, было прызнана, што гэта адбылося дзякуючы цудоўнай апецы памерлага каралевіча. У тым самым годзе яго родны брат, кароль Жыгімонт I Стары, выслаў у Рым просьбу аб кананізацыі каралевіча Казіміра. На пачатку 1520 г. папа Леў X выслаў у Польшчу свайго пасла Захарыя Ферэры, які, назіраючы на месцы культ Казіміра, напісаў яго першы афіцыйны жыццяпіс. У наступным годзе Папа выдаў кананізацыйную булу, якая, аднак, знікла. Толькі ў 1602 г. папа Клеменс VIII выдаў новую булу, і праз два гады ў віленскай катэдры адбыліся кананізацыйныя ўрачыстасці. Калі ж крыху раней адкрылі грабніцу каралевіча, то цела святога, якое знаходзілася там на працягу 118 год, было некранутым.
    Успамін св. Казіміра - добрая нагода задумацца над уласным жыццём. З біяграфіі святога каралевіча мы ведаем, што ён памёр, маючы 26 год. Але за такое нядоўгае жыццё ўжо выбраў уласны шлях, які адрозніваўся ад паводзін бацькі ці іншых магнатаў. Ён старанна вучыўся, быў добра выхаваным, захаваў у сэрцы зерне веры, якое сагравала кожнага, з кім кантактаваў каралевіч. Ён меў талент прымірэння пасварыўшыхся людзей. Ахвотна быў сярод бедных, раздаючы міласціну са сваіх даходаў. Так рабіў чалавек, якога ад нараджэння падрыхтоўвалі да ролі ўладара. Бацька выправіў каралевіча, які меў тады 13 год, валадарыць у Венгрыю. І сын выканаў давераны яму абавязак. Казімір спалучаў рэлігійнае жыццё з палітычнай дзейнасцю. Ён быў шчырым прыхільнікам Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго свайго жыцця Казімір прысвячаў шмат часу малітве. Часам, калі панавала ўжо вячэрняя цішыня і ўсе адпачывалі, ён кленчыў на парозе святыні перад зачыненымі дзвярамі. Казімір служыў Богу і людзям. І адначасова выконваў абавязкі памагатага бацькі, намесніка ў каралеўстве, наступніка трона. Прайшоў выпрабаванні хваробай, уладай і вайной.
    Улада, грошы, кар’ера, задавальненне – многія з нас не ў стане гэта пераадолець. Пра чалавека, які перадаў 20 тысяч долараў на будаўніцтва святыні, некаторыя з сяброў сказалі: “Вар’ят”. Пра таго, хто па рэлігійных ці маральных прычынах не хоча рабіць несправядлівасці, многія з нас скажуць, што ён слабы і яго жыццё не пашкадуе.
    У той жа час нармальнымі для сучаснага чалавека з’яўляюцца такія паводзіны, калі для рэалізацыі сваёй мэты трэба кагосьці падмануць, аб чымсьці прамаўчаць, выдумаць штосьці нядобрае. Гэтая жоўць атручвае ўсё. Мы часта бачым, як знаёмы чалавек, дасягнуўшы пэўнай вяршыні ў кар’еры, забываецца пра людзей навокал. Цяпер ён займае пасаду, не мае часу і месца для іншых паводзін. Нярэдка здараецца, што нейкі ганарысты прафесар карыстаецца сваёй уладай, і студэнты вымушаны выконваць розныя капрызы і ўказанні, каб задаволіць эгаізм прафесара. Або прадаўцы ў магазінах “вымушаны” ашукваць пакупнікоў падчас разлікаў, бо нясуць фінансавую адказнасць за скрадзеныя ў магазіне рэчы. Такіх прыкладаў мноства. У сваім жыцці кожны чалавек падвяргаецца спакусам такіх паводзін, і далёка не кожны можа годна выйсці з гэтых выпрабаванняў.
    Святы Казімір - прыгожы прыклад для пераймання перш за ўсё для маладых людзей. Сучаснага маладога хлопца і дзяўчыну павінны характарызаваць чысціня, паслухмянасць, сціпласць, вера. Адсутнасць касцёла, ксяндза ці манаскіх сёстраў не з’яўляецца прычынай бяздзеяння, сумненняў у веры ў Бога, забыцця пра мараль і Божыя запаведзі. Мы шукаем сэнсу нашага існавання, мэты, да якой імкнёмся. Добрая праца, высокія заробкі, вялікі дом, забава, сям’я – усяго гэтага мы заслугоўваем. Але зусім не патрэбны хуліганства, імкненне да сексуальных кантактаў, пошук задавальнення ў наркотыках, алкаголю, папяросах. Для чаго п’яныя б’юць шыбы, грамяць рэстараны, б’юць іншых людзей? Чаму чалавек так прагне задавальнення, што не стрымліваецца перад крадзяжом, забойствам? Сумныя гэта факты. Цнатлівасць і вера забыты ў нашым грамадстве. Нашы ідалы бессаромныя. Мы ставім непрыстойныя мэты: багацце і ўлада – любым коштам! Найважнейшае – задавальненне! Ад нас залежыць, кім мы застанемся ў памяці нашчадкаў– дабрадзеямі ці злачынцамі. Веды і выхаванне, атрыманыя ад бацькоў і грамадства, іграюць у нашых паводзінах вялікую ролю. Але ніхто не забараняе чалавеку выбраць уласны шлях: стаць вернікам у атэістычным грамадстве, быць добрым і міласэрным, сціплым і паслухмяным.
    Моладзь выбрала новых ідалаў: віртуальны свет камп’ютарных забаў і зносіны з іншымі людзьмі цераз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Дыскатэкі і бары – гэта яшчэ адно месца страты часу нашай моладдзю. Яны з’яўляюцца месцамі распаўсюджвання наркотыкаў, п’янства, насілля і разбою. Усе гэтыя сучасныя забавы забіраюць у моладзі час, прызначаны для школы і касцёла, для цнот і малітвы да Бога. Ці хто-небудзь з тых, хто амаль цэлыя суткі “сядзіць” у інтэрнэце ці гуляе ў камп’ютарныя гульні, перад сном стане на калені і згаворыць пацеры? Такое бывае рэдка. Ці моладзь, якая прыходзіць з дыскатэкі пад раніцу, часта п’яная, памятае пра малітву?
    Святы Казімір меў перадусім уладу, быў малады, мог мець усё, што захоча. Аднак перш за ўсё ён любіў Бога і людзей, а на працягу ўсяго жыцця не выклікаў сумненняў у гэтым. У Гродзенскай дыяцэзіі гэтаму святому прысвечаны чатыры святыні. Самая старэйшая з іх – касцёл ва Уселюбе, у Навагрудскім дэканаце, які прысвечаны св. Казіміру яшчэ ў палове XVII ст. Іншыя касцёлы былі пабудаваны ў Ліпнішках, Першамайску (Няцечы) і Путрышках. Апошнія два былі ўзведзены ў XXI ст. Гэтыя святыні з’яўляюцца бачнымі помнікамі св. Казіміру, а кожны чалавек павінен пераймаць паставу святога ва ўласным жыцці.
Малітва да св. Казіміра, каралевіча
    Святы Казімір, каралевіч!
    Ты адрокся ад свецкіх раскошы і ўцехаў, а жывучы ў нявіннасці і своеасаблівейшай пакуце, заслужыў вянец святога. Таму мы, слугі і Твае падданыя, молім Цябе выпрасіць у Бога ласку, каб мы, па Твайму прыкладу, умелі захаваць чысціню душы і цела, асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі ўдзельнічаць у Тваёй хвале ў Хрысце Пану. Выпрасі нам гэта і ратуй нас ва ўсіх нашых патрэбах праз таго ж Езуса Хрыста, нашага Пана. Амэн.