Сем смяротных грахоў, або Жарсці, што кіпяць і пасля смерці

Экалагічная цнота

ecologia    Смерць – гэта не канец жыцця. Асоба жыве вечна, калі пра яе памятаюць, калі карыстаюцца пладамі яе працы. Але парадокс у тым, што нават пасля фізічнай смерці чалавек застаецца прычынай фізічнага атручвання прасторы.
    Яго сваякі працягваюць забруджваць Зямлю шкоднымі для навакольнага асяроддзя вянкамі, штучнымі кветкамі, аднаразовымі лампадкамі і велізарнымі помнікамі, якія празмерна награваюць атмасферу.
    Смяротныя грахі чалавецтва могуць праследаваць асобу і пасля яе адыходу ў жыццё вечнае, выклікаючы роспач душы. І задача блізкіх – не падсілкоўваць дрэва гэтага крыжа.
majsiuk2
   Пыха
    Прайдзіце па могілках, паглядзіце на сціплыя пахаванні. Ці так мала гэтыя людзі зрабілі пры жыцці? Можа, яны зразумелі абсурднасць самаўзвышэння і пакінулі толькі мінімальны след? Ёсць і тыя, чый прах проста развеялі і хто застаўся ў памяці без помніка і мноства пластыкавых вырабаў.
    Меранне пафаснасцю помнікаў, убраннем магіл – гэта яшчэ адно праяўленне пыхі.
   
    Хцівасць
    Як утаймаваць празмерныя жаданні? Маліцца за нябожчыка! Што душы, якая пакінула цела, будзе ад груды штучных кветак? У кожнай кветкі ёсць час распускацца і час вянуць. Упрыгожвайце прастору шматгадовымі кветкамі для розных сезонаў, а зімой няхай сухацветы, у якіх шмат насення, паслужаць ежай для птушак.
   
    Зайздрасць
    Адзін са спосабаў праявіць зайздрасць на могілках – з апошніх сіл імкнуцца наблізіцца да іншых па ўбранні, памеры і маштабнасці надмагілляў, аддаючы для гэтага вялізныя сумы, што маглі б паслужыць жывым людзям. Клопат пра жывых – гэта і ёсць праяўленне любові да бліжняга. Ён важнейшы, чым імкненне дагадзіць грамадскай думцы ў клопаце пра месцы пахавання.
   
    Гнеў
    Толькі жывы можа надзяліць тых, хто адышоў у іншы свет, здольнасцю быць незадаволенымі чымсьці на могілках. Людзі прыходзяць на могілкі толькі па сваім унутраным жаданні. І калі яны гэтага не зробяць, памерлыя не будуць злавацца. Гэты акт узаемадзеяння з душамі можа адбывацца ў любым месцы планеты і не прывязаны да магілы.
    Пра родных можна памятаць па-за пэўнымі месцамі і падзеямі.
   
    Распуста
    У чым патрэба хаваць усю сям’ю побач? Ці ёсць адрозненне ў любові да ўсіх людзей і да свайго колішняга партнёра, з якім заключыў шлюб? Жаданне быць пахаванымі побач прыводзіць да куплі месца на могілках яшчэ пры жыцці. Гэта спараджае яшчэ больш праблем, на гэтым будуецца бізнес. Пакуль мы жывыя, трэба імкнуцца да міру ў душы, а што будзе з прахам пасля адыходу ў лепшы свет – гэта ўжо не наша воля.
   
    Абжорства
    Узгадваюць сваякі і гэты грэх, таму наліваюць, пакідаюць ежу – хоць і сімвалічна – нават для памерлага. А душа зусім іншым сілкуецца. І пры жыцці чалавеку не смак і водар важнейшыя, а любоў і думкі, з якімі была прыгатавана страва. Падсілкоўваннем для душы памерлага могуць быць толькі дзеі, якія засталіся пасля яго адыходу ў лепшы свет. Успамінайце, што было зроблена пры жыцці, дзякуйце, расказвайце, каму гэта прыносіць карысць. Тым і напаўняецца душа, якую ўспамінаеце.
   
    Роспач
    Прачытайце маркотныя надпісы на помніках, паглядзіце на мітусню падчас пахавання, на высілкі, каб прасачыць за ўбраннем магілы. А слёзы адчаю і воклічы “на каго ж ты нас пакінуў”?.. Ці гэтага хоча душа памерлага? Пакідаючы свет, любы чалавек вызваляецца. Парадуйцеся аб яго вызваленні, ідзіце далей, дапамагайце душы ўсцешыцца новаму дому, які зусім не ў магіле, а далёка ад гэтага матэрыяльнага свету.
   
    “Навакольнае асяроддзе ўпісваецца ў логіку атрымання. Яно – пазыка, якую атрымлівае кожнае пакаленне і якую абавязана перадаць наступнаму пакаленню” (папа Францішак, “Laudato si´”, п. 159).
    Гэтыя словы як напамін – што пакінем пасля сябе дзецям? Век чалавека кароткі. А горы і прасторы смецця вялікія. Узяць хаця б велізарныя тэрыторыі, якія выкарыстоўваюць для пахавання тых, хто ўжо не высадзіць дрэвы, не зможа есці і піць, апранацца.
    Мы першыя зацікаўлены, каб перадаць чалавецтву, якое прыйдзе пасля нас, планету, прыдатную для жылля. Гэта драма для нас саміх, паколькі яна ставіць пад пытанне сэнс нашага прыходу на гэтую зямлю.
    “Больш нельга з пагардай і іроніяй ставіцца да катастрафічных прагнозаў. Мы можам пакінуць наступным пакаленням занадта шмат руін, пустынь і смецця” (папа Францішак, “Laudato si´”, п. 161).