Клопат пра навакольнае асяроддзе засцерагае чалавека ад спякоты і іншых катаклізмаў

Роздум - Экалагічная цнота

ekologia    Гарачыя дні надышлі ў Беларусі. Як зберагчы сябе і тое, што нам важна для жыцця? Дзе той баланс паміж “цяпер” і “ўстойлівым развіццём для будучыні”? Чаму пакос травы, высечка дрэў і інтэнсіўная монакультурная гаспадарка адымаюць у нас жыццё – чытайце ў новым матэрыяле.
majsiuk2
   Вучымся назіраць
    Высейваць разнатраўе вакол сябе і касіць траву з розумам
    Монакультурныя палі, лясы і газоны становяцца ўразлівымі для кліматычных змен і не здольны паклапаціцца пра сябе ў доўгатэрміновай перспектыве.
   Высаджваючы траву для фарміравання газона, чалавек асуджае сябе на працу, якая ў выніку ідзе яму на шкоду.
    Аб газоне трэба клапаціцца і для прыгажосці рэгулярна знішчаць зялёную масу. Празмерны і часты пакос парушае месца пражывання насякомых, птушак, дробных жывёл. Пры гэтым ушчыльняецца глеба, што прыводзіць да акіслення, эрозіі і – у рэзультаце – да апустыньвання тэрыторыі, калі яе не ўгнойваць. А ўгнаенні трапляюць у ваду, якую сам жа чалавек і выкарыстоўвае. Акрамя таго, з-за рэгулярных пакосаў касец атручваецца выхлапамі бензіну.
    Захаванне ад перасыхання глебы – гэта асноўная функцыя травы. Яна здольна затрымліваць вільгаць, ствараючы мікраклімат прасторы, у якой няма гарачай спякоты ці страшэннага холаду. Клімат становіцца мякчэйшым, таму што расліннасць спрыяе плаўнай змене тэмпературы і вільготнасці. Арганізм чалавека не адчувае пры гэтым празмерных нагрузак і застаецца здаровым.
    Калі паглядзець на натуральныя лугі і ўзлескі, мы бачым разнатраўе, у якім расліны, насякомыя і іншыя жывыя арганізмы падтрымліваюць адзін аднаго. У гарачае надвор’е зелёная маса пакідае дастаткова вільгаці для змяншэння тэмпературы, і ўсё жывое выкарыстоўвае гэта сабе на карысць.
    Высаджвайце разнатраўе і пакідайце траву натуральна расці, утоптваючы толькі месцы вашых сцежак. Калі дзесьці патрабуецца пакос – пакідайце не менш 3 сантыметраў травы, тады яна працягвае расці здаровай і моцнай.
   
    Берагчы дрэвы і кусты
    Яшчэ больш зялёнай масы ўтрымліваюць неабрэзаныя дрэвы і кусты. Як і трава, яны захоўваюць натуральную вільготнасць пад кронамі, што дазваляе падтрымліваць прыемную тэмпературу. Таму прахалода лясоў і паркаў абараняе ўсё жывое.
    Там, дзе скошана трава, высечаны кусты і абрэзаны дрэвы, чалавек не можа доўга знаходзіцца: узнікаюць негатыўныя наступствы для здароўя.
    Дамы і дарогі ў гарадах – яшчэ большая крыніца назапашвання цяпла. Асфальт здольны акумуліраваць цяпло і разам з выпарэннямі атручваць арганізмы. Высаджаныя ўздоўж дарог дрэвы і пакінутая трава не толькі стрымліваюць распаўсюджанне небяспечных рэчываў, але і памяншаюць тэмпературу паветра. У зацененых дрэвамі дамах можна знаходзіцца доўгі час без шкоды для здароўя.
    Высаджвайце дрэвы і хмызнякі, абараняйце разгалістыя кроны ад абрэзкі. Першапрычына аварыйнасці дрэў – гэта адсутнасць доступу паветра да каранёў. Іх закочваюць у асфальт, закаркоўваюць тратуарнай пліткай, а людзі ўтоптваюць, калі не ходзяць па тратуары. Каб вырасціць дрэва, патрэбны гады, а спілаваць можна за гадзіну.
   
    Захоўваць вадаёмы
    Дрэвы не могуць расці без вады, а вада ў вадаёмах захоўваецца дзякуючы дрэвам і кустам вакол. Меліярацыйныя мерапрыемствы ствараюць пагрозу для чалавека: рэкі перасыхаюць, павялічваюцца плошчы для ветру, павышаецца тэмпература паветра. Экасістэма прадугледжвае ўзаемасувязь усяго жывога. Выдаляючы адзін з яе кампанентаў, чалавек разбурае баланс, што прыводзіць да з’яўлення нежыццяздольных тэрыторый. Ад гэтага знікае вада, адбываецца апустыньванне і павялічваюцца перапады тэмператур ад спякотнага лета да халоднай зімы. Гэтыя перапады зношваюць чалавечы арганізм.
    Пітная вада знікае, калі асушаць балоты, рэкі ператвараюцца ў меліярацыйныя каналы, азёры – у квітнеючыя і зарастаючыя ад лішняй арганікі саджалкі.
   Насельніцтва планеты ўжо адчувае дэфіцыт чыстай вады. Знішчэнне вадаёмаў адбываецца за месяц інтэнсіўных работ, а аднаўленне патрабуе дзесяцігоддзяў. Часам страта ўвогуле беззваротная.
    Інтэнсіўнае зарыбленне азёр прыводзіць да знікнення вялікіх рэзервуараў чыстай вады. Паступова азёры зарастаюць.
    Але ператвараюцца не ў балоты, а ў пустынныя месцы. Рыба ў такіх умовах не нагульвае неабходныя для здароўя рэчывы і хварэе. Такую рыбу прадаюць насельніцтву, што прыводзіць да паслаблення чалавека.
    Пакідайце натуральныя вадаёмы чыстымі, рэкі – ва ўласным рэчышчы з расліннасцю ўздоўж берагоў, балоты – з першароднымі працэсамі. Памяншайце расход вады, нават са свідравіны.