Пазбаўляемся ад празмернага і неабдуманага спажывання
Экалагічная цнота
Як шмат цывілізацыя стварыла рэчаў! Імкненне зарабіць на сквапнасці і неўмеркаванасці ў ежы і піцці неўсвядомленага чалавека прыводзіць да разбурэння нашага адзінага на ўсіх дома – планеты Зямля. Што можам зрабіць, захаваўшы ў сабе цноту памяркоўнасці і беражлівасці, а разам з тым, усё, што нас акружае?
Нуль адходаў (Zero Waste)
Мэта ідэі “Нуль адходаў” – скараціць аб’ём смецця, які трапляе на звалкі і заводы для спальвання смецця. †
• Адмоўцеся ад непатрэбных рэчаў. Каб менш смеціць, трэба менш набываць. Варта зрабіць паходы ў краму абдуманымі. Для гэтага складайце спісы і ўзважвайце рашэнні аб неабходнасці пакупкі. Навучыцеся гаварыць “не” ўсяму бескарыснаму, занадта таннаму і няякаснаму. Напрыклад, бясплатны пакет выкарыстоўваецца толькі кароткі час для таго, каб данесці тавар дадому, а раскладаецца на сметніку 100 гадоў. Можна карыстацца шматразовымі фасовачнымі мяшочкамі. На рынку ахвотна расфасуюць рассыпны тавар у прынесеную шклянку.
• Паменшыце спажыванне. Не ўсё патрэбна набываць. Штосьці можна браць у арэнду, выкарыстоўваць сумесна з кімсьці. Варта паразважаць, як можна карыстацца тым, што ўжо маеце.
• Выкарыстоўвайце паўторна і рамантуйце. Абыходзьцеся з рэчамі акуратна, каб яны праслужылі даўжэй. Калі нешта сапсавалася, старайцеся даць другі шанс: адрамантаваць або перарабіць. Працэс ператварэння старых рэчаў у розныя прадметы інтэр’ера і ўпрыгожанні можа стаць выдатным заняткам з дзецьмі.
• Здавайце на перапрацоўку. Сартуйце шкло, макулатуру, пластык у спецыяльныя кантэйнеры або здавайце ў пункты прыёму другаснай сыравіны. Асобна ўтылізуюцца лямпачкі, батарэйкі, акумулятары і іншыя небяспечныя адходы.
Пытайцеся сябе: “Як мне стаць усвядомленым спажыўцом? Што магу для гэтага зрабіць?”. І адказ заўсёды прыйдзе ў патрэбны момант. |
|
• Рабіце з кухонных ачысткаў угнаенні для хатніх раслін або агарода. Сартуйце арганічныя адходы ад іншага смецця і складвайце ў кантэйнеры. Мясное, малочнае і цытрусавыя туды нельга класці. Пах ад чыстай арганікі вельмі прыемны.
Кожны з прапанаваных прынцыпаў уключае шмат дробных крокаў, якія ўваходзяць у звычку паступова, каб стаць у радасць. Няма патрабавання адмаўляцца ад усяго і адразу, але пры кожным спажывецкім дзеянні варта задумацца: а ці не шкодзіць гэта мне і прыродзе? “Нуль адходаў” не супраць камфорту, але супраць лішняга.
Змяніць паўсядзённыя звычкі вельмі лёгка! Загружайце пральную машыну поўнасцю. Адключайце электрапрыборы з разеткі, калі імі не карыстаецеся. Купляйце энергазберагальныя лямпачкі. Офісную паперу выкарыстоўвайце з двух бакоў.
Дзяліцеся тым, чым не карыстаецеся самі. Калі рэч доўга ляжыць без справы, прапануйце яе таму, каму можа быць патрэбна.
За сімвалічную плату або бясплатна перадавайце на форумах у інтэрнэце. Вопратку і абутак прыносьце на дабрачыннасць ці аддавайце на фрымаркеце. Кнігамі абменьвайцеся на спецыяльных паліцах (буккросінг) або аднясіце ў бібліятэку. Надыходзіць час перадсвяточных пакупак – самы лепшы час, каб задумацца аб апраўданасці набыцця сувеніраў. Ці так яны патрэбны? Можа, самому намаляваць паштоўку або аддаць у новыя рукі тое, чым не карыстаемся, з цікавай легендай пра рэч, як раней перадаваліся сямейныя каштоўнасці? Зрабіце такой каштоўнасцю прынцыпы “Нуль адходаў”!
У снежні адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з пестыцыдамі. Для павышэння ўраджайнасці выкарыстоўваюцца штучна створаныя злучэнні. Яны даюць кароткачасовы эфект у сельскай гаспадарцы, затое працяглы час аказваюць пагібельны ўплыў на ваду, урадлівасць глеб і ўсе жывыя арганізмы. Хімічнае ўздзеянне вядзе да розных мутацый і захворванняў у людзей і жывёл, да парушэння працы рэпрадуктыўнай і гарманальнай сістэм, імуннага статусу, да анкалагічных захворванняў і прыроджаных дэфектаў. Насамрэч, у прыродзе ўсё ўладкавана гарманічна: трэба толькі ўбачыць, як сама зямля здольна даваць велізарныя ўраджаі. |
|