Экалагічная альтэрнатыва ўшанаванню памяці памерлых
Экалагічная цнота
Наколькі шкодныя для навакольнага асяроддзя штучныя кветкі, і чаму еўрапейцы аддаюць перавагу біяурнам?
Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых падумаем над нашым стаўленнем да навакольнага асяроддзя, калі клапоцімся пра магілы блізкіх. Між іншым, разгледзім экалагічныя варыянты пахавання. †
Традыцыйна хрысціяне адпраўляюцца на могілкі, каб ушанаваць памяць памерлых родных, прыбрацца на іх магілах і запаліць свечкі. Хуткі тэмп жыцця прымушае чалавека знаходзіць лёгкія шляхі: на хаду набыць новую лампадку, некалькі яркіх штучных кветак. Змахнуўшы пыл з помніка, ён запальвае куплены зніч, ставіць пластыкавыя кветкі, а старыя выкідвае ў перапоўнены кантэйнер. Аднак такія дзеянні – гэта толькі пагарджанне тымі, хто адышоў у іншы свет, і шкода жывым людзям.
Насамрэч, адна лампадка праслужыць доўга: у яе можна ўстаўляць новыя свечкі. А штучныя кветкі і вянкі – сур’ёзная пагроза навакольнаму асяроддзю. Яны не падлягаюць абавязковай сертыфікацыі, таму прывозяцца з Кітая ў безлічнай колькасці. Работнікі, якія займаюцца адпарваннем спрасаваных кветак, могуць знаходзіцца ў памяшканні з такой прадукцыяй толькі ў рэспіратары, інакш праз 30 хвілін яны трацяць прытомнасць ад атручвання высокатаксічнымі рэчывамі. Трапляючы на звалку, кветкі і вянкі не перарабляюцца, захоўваюцца з агульным смеццем і працягваюць атручваць паветра, зямлю і ваду на працягу паўтысячы гадоў. Небяспечна таксама іх спальванне, таму што вызваляецца вялікая колькасць шкодных рэчываў.
На могілках можна пасадзіць шматгадовыя расліны. Падыдуць хрызантэмы, ліліі, эхінацэя, нарцыс, ірыс, барвінак і інш. Старайцеся садзіць нізкарослыя кветкі, якія ўтвараюць жывы дыван, або цясней размяшчайце пучковыя кветкі, каб не дапусціць разрастання пустазелля. Кусты і вечназялёныя хвойныя будуць захоўваць зямлю ад перагрэву. На пахаванне таксама пажадана прыходзіць з жывымі кветкамі, хвойнымі вянкамі як сімвалам вечнага жыцця душы.
Сучаснай экалагічнай катастрофай з’яўляецца і само месца пахавання. Пад могілкі высякаюцца векавыя дубровы і іншыя зялёныя пасадкі. Для вырабу трун і крыжоў таксама ў вялікай колькасці знішчаюцца дрэвы. Вялізныя тэрыторыі з граніту і мармуру аголены. Знаходзячыся пад пякучым сонцам, яны ствараюць неспрыяльны мікраклімат. Разагрэтае паветра разносіць пыл, узбагачаны хімічнымі рэчывамі, атручвае заселеныя тэрыторыі.
Для захавання навакольнага асяроддзя прапануецца пакідаць толькі прах, спальваючы памерлага ў крэматорыі, і змяшчаць урны з парэшткамі ў калумбарыі. У еўрапейскай практыцы выкарыстоўваюцца біяурны, якімі высаджваюцца паркі (у біяраскладальную скрыню змяшчаецца насенне, з якога вырастае дрэва).
Па традыцыі хрысціяне ставяць на магіле крыж, які сімвалізуе збаўленне чалавека. Ён з’яўляецца галоўным упрыгожаннем гэтага месца. Варта памятаць, што ў першую чаргу памерлым патрэбна наша малітва і добрыя справы ў іх памяць.
У першую нядзелю кастрычніка адзначаецца Дзень “Замяні звычайную лямпачку на энергазберагальную”. Гэта дазваляе паменшыць спажыванне энергіі. Менш рэсурсаў будзе задзейнічана ў вытворчасці энергіі. Святлодыёдныя лямпачкі пераважней люмінесцэнтных, таму што яны не ўтрымліваюць ртуць, бяспечныя ў штодзённым жыцці і не патрабуюць утылізацыі ў асобныя кантэйнеры (устаноўлены ў месцах продажу, буйных супермаркетах). Датчыкі руху таксама эканомяць энергію ў месцах праходжання. |
|