Ян Павел ІІ і старэйшае пакаленне

Праз прызму пантыфікату святога Папы

"jpiiСтарэнне – гэта не зло, якому трэба падпарадкавацца, а пакліканне, на якое трэба ўмець адказаць."
Св. Ян Павел II быў публічнай асобай, і ўвесь свет мог назіраць за тым, як змяняўся Пантыфік з цягам часу. Увесь свет мог бачыць, як перамяняўся выгляд Папы, які ўплыў мела хвароба на яго рухі, міміку, агульны стан.
    Большую частку свайго пантыфікату Ян Павел ІІ заставаўся энергічнай і харызматычнай асобай. Але хвароба Паркінсана, артрыт, наступствы агнястрэльнай раны паступова ўзялі сваё, і Святы Айцец ужо нават не мог гаварыць. Падчас публічных выступленняў, у хвіліны вымушанага фізічнымі праблемамі маўчання папа Ян Павел II евангелізаваў вялікай пакорай і мудрасцю.
Аднак, нягледзячы на нездавальняючы стан здароўя, Пантыфік не адмаўляўся ад сваіх абавязкаў і працягваў выдаваць дакумены і пілігрымаваць. У 1999 годзе Папа скіраваў ліст да асоб у сталым узросце: “Накіроўваю вам гэты ліст […], каб звярнуць увагу ўсяго грамадства на палажэнне тых, хто, несучы цяжар гадоў, вымушаны часта змагацца з мноствам складаных праблем. […] Я сам пастарэў, таму адчуваю патрэбу ўступіць у дыялог з вамі”. У пасланні Святы Айцец, звяртаючыся да слоў старажытнага аўтара Цыцэрона, называе старэнне “восенню жыцця”: як змяняеца прырода праз поры года, так змяняецца і чалавек, які з’яўляецца часткай гэтай прыроды.
    Ян Павел II усведамляў фізічныя праблемы людзей сталага ўзросту з уласнага досведу. Аднак праз свой зварот Папа нібы заклікаў змяніць перспектыву погляду на старэнне. Сталы ўзрост – гэта не толькі час фізічных змен, якія неразрыўна суправаджаюць кожнага, але і час “асаблівай вартасці”, час, “калі ўсё супрацоўнічае для таго, каб чалавек мог як мага лепш зразумець сэнс жыцця і здабыць «мудрасць сэрца»”.
    У сваіх разважаннях Святы Айцец узгадвае біблейскія прыклады Майсея і Тобіі, Сары з Абрагамам і Альжбеты з Янам – людзей, якія атрымалі важныя даручэнні ад Бога, знаходзячыся ў сталым узросце. “Чалавек нязменна створаны «па вобразе Божым» (параўн. Быц 1, 26), а кожны ўзрост мае свае добрыя якасці і заданні”, – заўважае Ян Павел ІІ.
    Пантыфік дзеліцца і сваім духоўным досведам перажывання часу старасці, узгадваючы словы Езуса, скіраваныя да апостала Пятра: “Калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш” (Ян 21, 18). Ян Павел II піша: “Гэтыя словы датычаць мяне непасрэдна як наступніка св. Пятра і спрыяюць таму, што яшчэ мацней прагну працягнуць рукі да Хрыста, паслухмяны Яго закліку: «Ідзі за Мной!» (Ян 21, 19)”.
    Прыкладам сваёй дзейнасці ў сталым узросце і сваім навучаннем Святы Айцец паказаў, як належыць плённа перажываць час старэння. У энцыкліцы “Christifideles Laici” (“Свецкія католікі”) ён адрасаваў такія словы старэйшым асобам: “Вы не з’яўляецеся і не павінны лічыць сябе людзьмі, якія жывуць на ўскраінах Касцёла, пасіўнымі элементамі свету, што жыве занадта хутка, але актыўнымі суб’ектамі, якія перажываюць плённы з духоўнага і чалавечага пункту гледжання этап жыцця.
    У вас яшчэ ёсць місія для выканання, вам яшчэ ёсць што ахвяраваць. Згодна з Божым планам, кожны чалавек з’яўляецца жыццём, якое працягвае расці, пачаўшы ад першай іскрынкі існавання, ажно да апошняга дыхання”.
    Зварот Папы пасрэдна кіруецца таксама да астатніх людзей як напамін пра вартасць старэйшага пакалення. Вартасць, якая не залежыць ні ад фізічных, ні ад інтэлектуальных магчымасцей чалавека, а вынікае з самаго факту яго існавання і падабенства да Бога на кожным без выключэння этапе жыцця.
    “Ян Павел ІІ надаў цярпенню годнасць і каштоўнасць, засведчыўшы, што пра вартасць чалавека не гаворыць яго прадуктыўнасць або выгляд, што вартасцю з’яўляецца ён сам, таму што яго стварыў і палюбіў Бог”.
    Папа Бенедыкт XVI