Ян Павел II і Святы Дух

Праз прызму пантыфікату святога Папы

"Папа Ян Павел ІІ падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 1996 г.Усклікаю з глыбіні гэтага Тысячагоддзя, […] усклікаю разам з усімі вамі: Няхай сыдзе Дух Твой! Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі! (Варшава, 2 чэрвеня 1979 г.) "
Менавіта Святому Духу, праз якога кожны вернік узмацняецца як сведка Хрыста, папа Ян Павел II прысвяціў сваю 5-ую энцыкліку. Яе назва гучыць як “Dominum et vivificantem” (“Пан і Жыватворца”), раскрывае ролю Святога Духа ў жыцці Касцёла і свету. Энцыкліку Святы Айцец падпісаў 18 мая 1986 года – у свята Спаслання Святога Духа.
У папскім дакуменце закранаецца тэма праўды. Праўды аб чалавеку і свеце, што з’яўляецца вынікам прысутнасці Святога Духа ў сэрцы кожнага з нас. Духа, які на працягу 2-ух тысячагоддзяў ажыўляў веру Касцёла і робіць гэта цяпер.
    Сам св. Ян Павел II з дзяцінства маліўся да Святога Духа і, напэўна, не раз адчуў сэрцам і розумам прысутнасць Боскага Суцяшыцеля ў жыцці. Напісанне ж энцыклікі адносіў у пэўнай ступені да заслуг свайго таты. Будучы ўжо на пасадзе намесніка св. Пятра, так успамінаў: “Ва ўзросце 10-12 гадоў я быў міністрантам. Але мушу прызнацца, не вельмі старанным. Калі мой бацька гэта заўважыў, сказаў аднойчы: «Ты не надта добры міністрант.
    Недастаткова молішся да Святога Духа». І паказаў мне нейкую малітву. [...] Гэта быў важны духоўны ўрок, больш трывалы і мацнейшы за ўсё, што я мог бы атрымаць з чытання ці навучання, якое распачаў… Вынікам гэтага ўрока з дзяцінства з’яўляецца мая энцыкліка аб Святым Духу”.
    Такім важным момантам са свайго дзяцінства Святы Айцец аднойчы падзяліўся з маладзёнамі. Гэта адбылося падчас яго першай пілігрымкі на радзіму ў Польшчу ў 1979 годзе: “Так, як некалі родны бацька даў мне ў руку кнігу і паказаў у ёй малітву аб дарах Святога Духа, так сёння я, якога вы таксама называеце айцом, прагну маліцца з варшаўскай і польскай студэнцкай моладдзю: аб дары мудрасці; аб дары розуму; аб дары ўмеласці, ці, інакш, ведаў;
    аб дары рады; аб дары мужнасці; аб дары набожнасці, г. зн. пачуцця сакральнай святасці жыцця, чалавечай годнасці, святасці людской душы і цела; і нарэшце аб дары боязі Божай, пра якую гаворыць псалміст, што яна з’яўляецца пачаткам мудрасці…”.
    У інтэрв’ю блізкі супрацоўнік папы Яна Паўла II, яго сакратар кардынал Станіслаў Дзівіш падкрэсліваў, што Пантыфік заўсёды быў верным Святому Духу.
    Да канца свайго жыцця давяраў Яму: “У апошні дзень яшчэ прамовіў малітву аб дарах Святога Духа”.
    Аб важнасці сувязі са Святым Духам вялікі Папа скажа яшчэ не раз. Слоганам XIII Сусветнага дня моладзі ім будуць выбраны словы: “Дух Святы навучыць вас усяму” (Ян 14, 26). З нагоды гэтай сустрэчы Ян Павел ІІ скіраваў пасланне да маладых людзей. Ведаючы, што Святы Дух заўсёды побач, і ўсведамляючы Яго ролю ў будаванні веры кожнага чалавека і ўсёй супольнасці Касцёла, пісаў так: “Калі Езус быў з вучнямі, спяшаўся, усведамляў, што час мінае: «Мой час яшчэ не настаў» (Ян 7, 6); «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас» (Ян 12, 35). Пасля уваскрасення Яго адносіны да часу ўжо іншыя, але Яго прысутнасць працягваецца: «І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтая перамена прысутнасці нашага Пана і Збаўцы, яе глыбіні, шырыні і трываласці, з’яўляецца творам Святога Духа”.
    Падчас свайго пантыфікату Ян Павел ІІ імкнуўся прышчапіць вернікам любоў і адданасць Святому Духу: не з пазіцыі тэолага ці мараліста, а з пазіцыі любячага пастыра, які прагне дабра для сваіх авечак. На ўласным прыкладзе паказваў, як важна мець цесную сувязь з Духам, што накіроўвае, натхняе і вядзе да сустрэчы з Айцом у Небе.