Ян Павел II: малітва і няспынная дзейнасць

Праз прызму пантыфікату святога Папы

Папа моліцца ў капліцы Маці Божай Чанстахоўскай, 1983 г. "Хачу сказаць Вам усім, а асабліва маладым: не пераставайце маліцца. Гэта можа быць нават малітва без слоў. "
Папа Ян Павел II – філосаф, пісьменнік, паліглот (размаўляў на 13-ці мовах!).
    За апошнія 450 гадоў – першы намеснік св. Пятра з па-за Італіі, з усходняй часткі Еўропы. Яго таксама можна назваць палітыкам, бо кіраваў дзяржавай. І хоць Ватыкан – самая маленькая краіна ў свеце, абавязкаў з гэтага вынікае не менш. Пры магчымасці любіў інкогніта выязджаць на лыжах у горы непадалёк Рыма… Адкуль Папа браў жаданне і сілы весці такое актыўнае жыццё?
    У шматлікіх тэлеперадачах і інтэрв’ю супрацоўнікі Святога Айца Яна Паўла ІІ, яго сябры і знаёмыя ўспамінаюць пра тое, што ён вялікую ўвагу надаваў малітве. Кардынал Конрад Краеўскі, які цяпер з’яўляецца Апостальскім элемазінарыем, быў пры Папе 7 апошніх гадоў. Узгадвае, што Ян Павел ІІ вельмі часта маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамантам: “там набіраўся колераў жыцця”.
Звычай прабывання перад Панам Езусам у Гостыі не быў чымсьці выключным для Святога Айца.
    С. Зоф’я Здыбіцкая з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага наведвала заняткі прафесара Караля Вайтылы па этыцы ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне. Яна распавядала, што сярод выкладчыкаў студэнты “мелі розных добрых ксяндзоў, але прафесар Вайтыла адрозніваўся тым, што на перапынках паміж заняткамі браў у рукі брэвіярый і маліўся”. А яшчэ ён шмат маліўся за навучэнцаў.
    Ян Павел ІІ імкнуўся ўсім сваім жыццём праслаўляць Бога. Быў цікаўнай, творчай асобай. З дзяцінства яго вабілі паэзія і тэатр. Першы томік вершаў пад назвай “Рэнесансавы псалтыр” Караль Вайтыла напісаў яшчэ будучы вучнем. Ён быў прысвечаны маме, Эміліі Вайтыле. Томік пабачыў свет ажно ў 1999 годзе, пасля згоды аўтара.
    Яшчэ ў школе маленькі Караль пачаў наведваць тэатральную групу. Негледзячы на перарванае навучанне ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, ад кастрычніка 1939 года маладзён вечарамі хадзіў на сустрэчы ў дом Юльюша Кудрыньскага, польскага празаіка, крытыка тэатра і кіно, дзе яны з сябрамі зачытваліся літаратурай. З той групы ў 1941 годзе ўтварыўся Рапсадычны тэатр (пачаткова Тэатр жывога слова). Караль пісаў п’есы на біблейскія сюжэты, распачаў пераклад на польскую мову “Цара Эдзіпа” Сафокла… “Я мушу прызнаць, што гэты асаблівы тэатральны досвед запісаўся глыбока ў маёй памяці, хоць ад пэўнага моманту я ўсведамляў, што тэатр не быў маім пакліканнем”.
    У 1946 годзе Караль Вайтыла атрымаў святарскія пасвячэнні. З гэтага часу распачаўся яго шлях як святара, біскупа, Папы. Будучы пільным, уважлівым і чулым душпастырам, ён вельмі шмат зрабіў для Паўсюднага Касцёла. Застанецца ў памяці людзей нязломным міратворцам, адважным змагаром за свабоду і правы чалавека.
    Пантыфікат папы Яна Паўла II доўжыўся 26 гадоў (даўжэй за яго на пасадзе намесніка св. Пятра былі толькі сам апостал Пётр і папа Пій ІХ). За гэты час Святы Айцец здзейсніў больш за 100 замежных паездак, наведваючы каля 130-ці краін. Шмат пісаў, навучаў, маліўся…
    Пазней фатограф папы Яна Паўла ІІ Артура Мары ўзгадае паездку Святога Айца напрыканцы яго пантыфікату ў рымскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesu: “Калі Папа знаходзіўся ў зале для цяжкахворых дзяцей, у пэўны момант адна з мам, плачучы, падбегла да яго, палажыла на калені сваё хворае дзіця, пракрычала: «Яно павінна жыць!». І выбегла з залы. Свяцейшы Айцец пачаў калыхаць плачучае дзіця. Неўзабаве паклікалі маці. Яна ўкленчыла каля Свяцейшага Айца, і некалькі хвілін яны трывалі ў супольнай малітве. Потым жанчына ўстала і, супакоеная, сказала: «Маё дзіця будзе жыць, калі гэты чалавек будзе на алтарах». Дзіця было выпісана са шпіталя ў дзень беатыфікацыі Яна Паўла II…”.